Зяленскі пра атаку на АЭС у Запарожжы: Мінулая ноч магла спыніць гісторыю Ўкраіны і ўсёй Эўропы

Уладзімір Зяленскі. Кіеў, 3 лютага

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі лічыць, што абстрэлы расейскімі войскамі Запароскай АЭС маглі прывесьці да ўсясьветнай трагедыі.

«Мы перажылі ноч, яка магла спыніць гісторыю Ўкраіны і гісторыю Эўропы. Расейскія войскі атакавалі Запароскую атамную электрастанцыю, найбольшую ў Эўропе. Яна адна магла быць як шэсьць Чарнобыляў», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў сваім звароце да ўкраінцаў.

Украінскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што расейскія войскі ведалі, які аб’ект яны абстрэльваюць прамым навядзеньнем: «Гэта тэрор нябачанага ўзроўню».

«Рускія людзі! Я хачу зьвярнуцца да вас. Як гэта магчыма? Мы ж разам у 1986 годзе змагаліся з наступствамі чарнобыльскай катастрофы. Вы мусіце памятаць раскіданы графіт і ахвяраў... Вы мусіце памятаць эвакуацыю з Прыпяці і 30-кілямэтровай зоны. Як можна гэта забыць? Калі вы гэтага не забылі, то нельга маўчаць. Вы мусіце сказаць сваёй уладзе, выйсьці на вуліцы і гаварыць, што вы хочаце жыць на зямлі без радыяцыйнага заражэньня».

Паводле яго, такія дзеяньні Расеі выклікалі шок у сьвеце. Вялікая Брытанія тэрмінова склікае пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН.

«Патрэбны санкцыі супраць тэрарыста. Трэба закрыць неба, бо толькі гэта можа гарантаваць, што Расея ня будзе біць ракетамі і бомбамі па атамных аб’ектах», — заклікаў Зяленскі.

Паводле яго, у Чарнігаве ў выніку расейскіх абстрэлаў толькі 3 сакавіка загінулі 47 грамадзян. «Расея зьнішчае Харкаў. Як гэта здарылася? Сёньня раніцай у Жытоміры ракета ўдарыла па школе, па дзецях. Так выглядае рэальнасьць, калі прыходзіць братэрская Расея».

Зяленскі лічыць, што такім чынам Расея дэманструе, як рэалізуецца дасягнутая напярэдадні ў Беларусі дамоўленасьць аб гуманітарным калідоры. Паводле яго, у паўднёвыя рэгіёны звозяць пераапранутых расейцаў, каб стварыць нібыта народныя рэспублікі накшталт «ЛДНР». Ён заклікаў мясцовых грамадзян да супраціву супраць акупантаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Баі за Запароскую АЭС. Расею заклікаюць спыніць баявыя дзеяньні, якія могуць прывесьці да экалягічнай катастрофы

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.