Пляцоўку Запароскай АЭС захапілі расейскія войскі

Момант выбуху ад абстрэлу па адным з будынкаў Запароскай АЭС. Энэргадар, 4 лютага

Блёкі Запароскай АЭС застаюцца некранутымі, зьменаў радыяцыйнага стану не зафіксавана.

Паводле інфармацыі Дзяржатамрэгуляваньня Ўкраіны і Запароскай ваеннай адміністрацыі, цяпер пляцоўка Запароскай АЭС занятая расейскімі вайскоўцамі.

«Блёкі ЗАЭС засталіся цэлымі, ёсьць пашкоджаньні рэактарнага адсека блёка № 1, што не ўплывае на бясьпеку блёка. Сыстэмы і элемэнты, важныя для бясьпекі АЭС, знаходзяцца ў працоўным стане. Зьмен радыяцыйнага стану ў цяперашні час не зафіксавана», — гаворыцца ў заяве Дзяржатамрэгуляваньня.

Усю ноч каля Запароскай АЭС у Энэргадары ішлі баі ўкраінскіх войскаў з расейскімі інтэрвэнтамі. Па словах прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, расейцы з танкаў абстралялі АЭС і выклікалі на ёй пажар. Рабілася гэта наўмысна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пажар на Запароскай АЭС патушылі, яе пляцоўку захапілі расейцы. Дзявяты дзень вайны Расеі супраць Украіны

Затым доўгі час баі не дазвалялі пажарным выехаць на месца здарэньня. Загарэўся адміністрацыйны корпус, папярэднія паведамленьні пра параненых і цяжка параненых пакуль не пацьвердзіліся. Як заявілі ў МАГАТЭ, агонь не закрануў істотнага абсталяваньня, пашкоджаньне якога магло б прывесьці да экалягічнай трагедыі. Аднак агенцтва перавяло маніторынг сытуацыі ў рэжым 24/7.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

МАГАТЭ: пажар на Запароскай АЭС не закрануў асноўнага абсталяваньня