Лукашэнка як гарант страты сувэрэнітэту

Лукашэнка і Пуцін у Крамлі. 9 верасьня 2021

Гэтыя трагічныя дні агрэсіі Расеі супраць Украіны, якая вядзецца ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, як падаецца, павінны назаўжды паставіць кропку ў шматгадовых спрэчках на тэму «Лукашэнка і сувэрэнітэт».

Мелі рацыю тыя, хто нястомна пераконваў (як, напрыклад, мой калега Сяргей Навумчык), што ў рэальна крытычнай сытуацыі, у выпадку пагрозы сваёй уладзе Лукашэнка выразна расставіць прыярытэты. І тым галоўным, чаму будзе падпарадкавана ўсё астатняе, застанецца захаваньне асабістай улады. Дзеля гэтай мэты ён будзе адкрыта прадаваць незалежнасьць — кавалкамі альбо разам (вядома, лепш кавалкамі, бо так выгадней і можна ў выніку больш атрымаць).

Цягам усёй гісторыі свайго кіраваньня ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка паступова прадаваў незалежнасьць у абмен на эканамічную і палітычную падтрымку Крамля.

Менавіта рэжым Лукашэнкі ад 1995 да 2021 году зьнішчаў беларускую мову і культуру, беларускую грамадзянскую супольнасьць. Закрываючы беларускія клясы, пераводзячы дзяржаўныя тэлеканалы і большасьць дзяржаўных абласных і раённых газэтаў на расейскую мову, забараняючы канцэрты і кнігі найлепшых творцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як улада Лукашэнкі выкараняла беларускую мову. 10 фактаў і прыкладаў з гісторыі

Гэтая ўлада ўваходзіла ва ўсе магчымыя прарасейскія саюзы, добраахвотна стварала «Саюзную дзяржаву», арыентавала на Расею эканоміку, прадала Маскве газатранспартную сыстэму, беларускае войска зрабіла фактычна часткаю расейскага, а ў беларускую інфармацыйную прастору напхала 50 расейскіх тэлеканалаў. Гэтая ўлада на каленях паўзла ў Расею (з рознай хуткасьцю) усе 27 гадоў, незалежна ад стаўленьня Захаду, незалежна ад наяўнасьці ці адсутнасьці заходніх санкцыяў.

Былі часовыя адлівы, як у 2015–19-м, калі адбывалася нібыта нармалізацыя адносінаў з Захадам, «геапалітычны шпагат». Але потым здарыўся жнівень 2020-га, які толькі пацьвердзіў заканамернасьць: калі сытуацыя больш-менш нармальная і спакойная, Лукашэнка можа дазволіць сабе ў нейкай мінімальнай ступені «шматвэктарнасьць». Як толькі пад ім хістаецца крэсла ў выніку выступаў народу, палітычных альбо эканамічных праблемаў — ён адразу бяжыць прадаваць кавалкі незалежнасьці краіны ў абмен на расейскую падтрымку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка страціў вайсковы сувэрэнітэт», – палітоляг Карбалевіч. Відэа

І важна разумець, што тое, да чаго мы прыйшлі зараз, да поўнай вайскова-палітычнай залежнасьці рэжыму Лукашэнкі ад Крамля, — ня вынік жніўня 2020-га году, а вынік 27 гадоў разьвіцьця і эвалюцыі гэтай улады.

Не магло здарыцца «па-іншаму», бо ніколі Лукашэнка не імкнуўся па-сапраўднаму «разьвярнуцца на Захад» ці зьвярнуцца да нацыянальных беларускіх каштоўнасьцяў. Бо галоўная ўмова працягу існаваньня гэтага рэжыму нязьменная — рэпрэсіі, антылібэральная, антызаходняя, прасавецкая ідэалёгія, змаганьне зь беларускімі праэўрапейскімі каштоўнасьцямі, дзяржаўная эканоміка, якая патрабуе замежнай падтрымкі.

Лукашэнка і быў, і застаецца самым галоўным гарантам залежнасьці ад Расеі. І Масква гэта цудоўна разумее, нібыта «змагаючыся» зь ім у спакойныя часы («милые бранятся — только тешатся»), але адназначна падтрымлівае яго ў крытычную хвіліну, робячы ўсё, каб ён застаўся пры ўладзе. Бо разумее — прыйдзе час, і ён будзе карысным, ён прадаставіць тэрыторыю кантраляванай ім краіны для ўдару па Ўкраіне, і акажа Маскве любыя іншыя паслугі, якіх ад яго запатрабуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі аналітык — пра «танга з Лукашэнкам», санкцыі супраць рэжыму і ціск на Расею

Так што ў гэтыя трагічныя дні хочацца перадаць гарачае прывітаньне тым экспэртам, якія гадамі даказвалі, што Лукашэнка ня здасьць сувэрэнітэт, бо хоча адчуваць сябе кіраўніком незалежнай дзяржавы, бо дбае пра сваё месца ў гісторыі і гэтак далей. Тым «патрыётам», якія казалі «ды лепш ужо Лукашэнка з ягонай дыктатурай, чым прамаскоўскі дэмакрат. Лукашэнка абароніць сувэрэнітэт, хаця б у сваіх інтарэсах». Частка зь іх, вядома, на заробку, а частка проста карысныя для рэжыму ідыёты.

Не было ў гісторыі незалежнай Беларусі палітыка больш прарасейскага, чым Лукашэнка. І менавіта змаганьне супраць Лукашэнкі — заўсёды было (і застаецца) змаганьнем за незалежнасьць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мы яшчэ можам пачуць, як Лукашэнка будзе апраўдвацца тым, што бараніў Беларусь ад Пуціна