«Мы ўжо ў акупацыі». Беларус расказвае, як жыве ў занятым Расеяй Мелітопалі

Мітынг супраць расейскай акупацыі ў Мелітопалі 2 сакавіка

Ад суботы ўкраінскі горад Мелітопаль (150 тысяч жыхароў) у Запароскай вобласьці знаходзіцца пад кантролем расейскай арміі. Але, нягледзячы на гэта, там працягваюцца абстрэлы і перастрэлкі. Як выглядае жыцьцё ў горадзе пад акупацыяй, Свабодзе расказаў мясцовы жыхар, ураджэнец Беларусі.

Імя суразмоўцы мы не паведамляем з прычынаў бясьпекі.

— Раскажыце, як пачалася вайна, што адбывалася ў горадзе?

— Усё банальна проста і вельмі страшна. Пачаліся бамбаваньні, стралялі пераважна па вайсковых аб’ектах, але я, папраўдзе, баюся гаварыць, што канкрэтна абстрэльвалі. У нас кажуць, што тэлефоны праслухоўваюцца і гэта можа быць небясьпечна. Тэлефоны потым нібыта могуць заблякаваць, таму людзі баяцца размаўляць. Але лухта, што стралялі выключна па вайсковых аб’ектах. Снарады ня раз траплялі і ў звычайныя дамы, у прыватны сэктар, зносілі дахі, разбуралі. Але, на шчасьце, ня так, як у Харкаве.

— А што цяпер адбываецца ў горадзе, як выглядае ваш побыт?

— У горадзе жыцьцё застыла. Надзвычайнае становішча ад 18.00 да 7.00. У гэты час нельга нікуды выходзіць. Транспарт не працуе, на працу ня ходзім. Крамы працуюць, але цэны касьмічна растуць. Пачак цыгарэтаў, які раней каштаваў 20 грыўняў, цяпер можа быць і 100, і 150 грыўняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы ня хочам страляць у беларусаў», — дарадца кіраўніка Офісу Зяленскага Аляксей Арастовіч

— Ці бясьпечна выходзіць на вуліцу?

— Пакуль расейцы нікога не чапаюць, маю на ўвазе мірнае насельніцтва. Але ўжо свае займаюцца марадэрствам. Разьнесьлі ў пух і прах крамы «АТБ», ёсьць у нас такая сетка гандлёвая. Цягалі адтуль прадукты. Цяпер, каб купіць хлеб, трэба стаяць з раніцы да абеду ў чарзе. У дзяржаўныя крамы пакуль завозаў ня было, нават ня ведаю, што будзе. Пакуль ёсьць запасы — жывем, а што будзе далей — ня ведаю. Заробак прыйшоў 24-га лютага, калі пачалася вайна, але зьняць гэтыя грошы ўжо ніхто не пасьпеў. Банкаматы і банкі не працуюць.

— Ці ёсьць у горадзе ўкраінская армія?

— Нават ня ведаю, мы мала куды выходзім. Тэлевізар не працуе, бо тэлевежу разбамбілі. У нас людзі кажуць, што і беларуская армія напала на нас, але мы нічога ня можам даведацца. Пакуль тут езьдзяць танкі зь літарай Z. Але абстрэлы ў раёне аэрадрому ўсё роўна працягваюцца, нават часта. Выбухі, аўтаматныя чэргі. Праўда, апошнія дзьве ночы было спакайней. З гораду выехаць немагчыма. Кажуць, што расейцы выпускаюць, але нібыта нашы ўкраінцы далей не прапускаюць. Але як і што, ня ведаю.

— А звычайныя людзі ў вас за Расею ці за Ўкраіну?

— У горадзе жывуць вельмі розныя людзі. Ёсьць і такія, хто за Расею. Але мітынгі былі супраць рускіх, людзі выходзілі з голымі рукамі і пасылалі рускіх салдатаў на тры літары. Аднаму чалавеку салдат нібыта ў нагу стрэліў. Але што гэта ўжо дасьць? Мы ўжо ў акупацыі, у тыле. А што будзе, Бог яго ведае. Сам я за Ўкраіну, я тут пражыў 40 гадоў. Жылі хоць і небагата, але самі сабе. Пэнсіі невялікія, заплаціць за камуналку і лекі — мала што застаецца. Многія выяжджалі ў Польшчу, Нямеччыну, Чэхію. Але мы былі самі па сабе, з голаду ніхто не паміраў. А цяпер прыйшлі гэтыя, усё разбамбілі. Навошта? Расейскамоўных яны так бароняць? У нас тут усе людзі размаўлюць па-расейску і ніхто ніколі нікога не чапаў за гэта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Чаму беларусы лічаць сябе закладнікамі, рабамі Лукашэнкі?». Дэпутат Вярхоўнай Рады Ганчарэнка пра адказнасьць за вайну

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.