Больш за 500 замежных мэдыкаў гатовыя аказваць дапамогу ва Украіне, — украінскае міністэрства здароўя

Больш за 500 замежных мэдыкаў гатовыя аказваць мэдычную дапамогу пацярпелым ва Ўкраіне пасьля ўварваньня Расеі.

Як перадае Міністэрства аховы здароўя, менавіта столькі мэдыкаў з-за мяжы зарэгістраваліся ў спэцыяльнай форме на сайце ведамства.

Гэта, у прыватнасьці, лекары, мэдычныя сёстры і парамэдыки з краін Эўрапейскага Зьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі, Турэччыны, Азэрбайджану, Ізраілю, ЗША, Канады, Аўстраліі, Новай Зэляндыі, Паўднёвай Афрыкі, Індыі, Ярданіі, Бразыліі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінцы вярнулі Бучу, расейцы абстрэльваюць Чарнігаў і Марыюпаль, магчымыя гуманітарныя калідоры. Хроніка восьмага дня вайны ва Ўкраіне

У Міністэрстве аховы здароўя Ўкраіны дзякуюць за прапанову аказаць замежную мэдычную дапамогу Ўкраіне і пакідаюць рэгістрацыю адкрытай.

Пасьля рэгістрацыі «з мэтай эфэктыўнага плянаваньня, арганізацыі і разьмеркаваньня сілащ і сродкаў» мэдык накіроўваецца да каардынатараў у пэўную лякарню ў тым рэгіёне Ўкраіны, дзе найбольшая патрэба, растлумачылі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Інфармацыі, ці прыбыў хто-небудзь з замежных мэдыкаў ва Ўкраіну, пакуль няма.