98% апытаных лічаць катастрофай удзел Беларусі ў вайне ва Ўкраіне на баку Расеі, — вынікі «Народнага апытаньня»

Ілюстрацыйнае фота.

Незалежны праект па вывучэньні грамадзкай думкі ў Беларусі «Народнае апытаньне» спытаў у пратэставай аўдыторыі, што яны думаюць пра вайну ва Ўкраіне.

Асноўныя вынікі апытаньня

  • Беларусы вельмі напалоханыя вайной ва Ўкраіне. Абсалютная большасьць рэспандэнтаў (98%) лічыць, што ўдзел у гэтай вайне — катастрофа для Беларусі.
  • Большасьць рэспандэнтаў супраць непасрэднага ўдзелу беларускіх салдат у ваенных дзеяньнях.
  • Для апытанай аўдыторыі мабілізацыя і прызыў на тэрміновую службу можа стаць падставай выступіць з адкрытым пратэстам (58-59%).
  • Большасьць апытаных (78%) адчуваюць адказнасьць за дзеяньні ўладаў Беларусі ў адносінах да Ўкраіны і называюць тое, што адбываецца, агрэсіяй Расеі супраць Украіны з удзелам Беларусі.
  • 77% рэспандэнтаў не сутыкаліся з нэгатыўным стаўленьнем да сябе з прычыны вайны ва Ўкраіне.
  • Беларусы сымпатызуюць прэзыдэнту Ўкраіны Уладзіміру Зяленскаму. Пераважная большасьць рэспандэнтаў (95%) глядзела зварот Уладзіміра Зяленскага да беларусаў, і 90% падтрымліваюць яго дзеяньні.