Амэрыканскія сэнатары хочуць накласьці санкцыі на ўсе дзяржаўныя прадпрыемствы Расеі
Кангрэс ЗША
Сэнатары прапануюць закрыць доступ да амэрыканскага капіталу кампаніям «Роснефть», «Газпром», «Аэрафлот» і іншым дзяржаўным прадпрыемствам Расеі. Законапраект носіць назву «Героям слава».
Амэрыканскія сэнатары-рэспубліканцы Марка Рубіё і Чак Грасьлі прадставілі законапраект, які прадугледжвае ўвядзеньне шырокіх санкцый супраць усіх расейскіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Законапраект «Героям слава» закліканы пазбавіць такія расейскія дзяржаўныя прадпрыемствы, як «Роснефть», «Газпром», «Росатом», «Аэрафлот» і RT, доступу да крытычна важнага амэрыканскага капіталу, паколькі яны «фінансуюць вайну Пуціна», гаворыцца ў прэс-рэлізе, абнародаваным на сайце Рубіё ў сераду, 2 сакавіка.
«Пуцін актыўна падсілкоўвае расейскую машыну вайны з дапамогай сродкаў, атрыманых дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Ніводнае расейскае дзяржаўнае прадпрыемства не павінна мець доступу да амэрыканскага капіталу, пакуль крыважэрны дыктатар вядзе ўварваньне ва Ўкраіну», — растлумачыў Марка Рубіё.
Сэнатары зазначаюць, што, пакуль Пуцін працягвае «без разбору бамбаваць Украіну і забіваць бязьвінных мірных жыхароў», ЗША павінны зрабіць любыя магчымыя крокі, каб цалкам адрэзаць Расею ад амэрыканскага капіталу. «Расейскія дзяржаўныя нафтавыя і газавыя кампаніі фінансуюць пуцінскую машыну вайны. Наш законапраект гарантуе, што амэрыканскія кампаніі ня будуць мець да гэтага ніякага дачыненьня», — заявіў суаўтар законапраекту Чак Грасьлі.