Кіраўнік Пэнтагону выказаўся пра беспалётную зону над Украінай
Лойд Осьцін
Паводле міністра абароны ЗША, любая спроба ўвесьці беспалётную зону над Украінай будзе азначаць, хутчэй за ўсё, вайну з Расеяй.
Міністар абароны ЗША Лойд Остын абверг любыя пляны ўвесьці беспалётную зону над Украінай, заявіўшы, што гэта непазьбежна справакуе востры канфлікт паміж ядзернымі дзяржавамі.
У інтэрвію карэспандэнту тэлекампаніі NBC Лэстэру Голту, якое выйшла у эфір у сераду, кіраўнік Пэнтагону пагадзіўся з тым, што ўвядзеньне беспалётнай зоны ішло б уразрэз з абяцаньнем прэзыдэнта Джо Байдна, што войскі ЗША ня будуць прама ўмешвацца ў канфлікт.
«Прэзыдэнт Байдэн ясна даў зразумець, што амэрыканскія войскі ня будуць ваяваць з Расеяй ва Ўкраіне, і калі вы ўведзяце беспалётную зону, то, безумоўна, для забесьпячэньня гэтай беспалётнай зоны вам давядзецца атакаваць расейскія самалёты. І зноў жа, гэта прывяло б нас да вайны з Расеяй», — сказаў Остын.
У панядзелак, 28 лютага, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў Злучаныя Штаты і NATO ўзяць пад кантроль «важныя часткі» паветранай прасторы яго краіны, каб перашкодзіць расейскім паветраным апэрацыям.
Вашынгтон, аднак, заявіў, што ня будзе выконваць гэтай просьбы. Падчас брыфінгу прэс-сакратарка Белага дома Джэн Псакі таксама адзначыла рызыкі, зьвязаныя з завядзеньнем беспалётнай зоны.
«Гэта азначала б абвастрэньне і патэнцыйна магло б паставіць нас у сытуацыю ваеннага канфлікту з Расеяй. Гэта тое, чаго прэзыдэнт рабіць ня хоча».
Гэтую пазыцыю падтрымаў і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, заявіўшы, што прыняцьце актыўнага ўдзелу ў канфлікце з Расеяй — гэта велізарны крок, які не разглядаецца ніводным чальцом альянсу NATO, і што беспалётная зона не стаіць на парадку дня.