Падчас абстрэлу ў Харкаве загінула супрацоўніца місіі АБСЭ

Зьнішчаная ўкраінскімі вайскоўцамі расейская тэхніка ў Харкаве

Нацыянальны член Спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ ва Ўкраіне Марына Феніна загінула 1 сакавіка падчас абстрэлу ў Харкаве.

Гэты факт 2 сакавіка пацьвердзіла Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтве ў Эўропе.

«Марына загінула, калі дастаўляла прыпасы сваёй сям’і ў горад, які стаў зонай ваенных дзеяньняў. У Харкаве і іншых гарадах і пасёлках Украіны снарады і ракеты траплялі ў дамы і цэнтры гарадоў, забіваючы і ранячы ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў — жанчын, мужчын і дзяцей», — заявілі старшыня АБСЭ, міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў і генэральная сакратарка АБСЭ Хельга Марыя.

«Нягледзячы на неаднаразовыя заклікі ўсёй міжнароднай супольнасьці і АБСЭ, нічым не справакаваная ваенная апэрацыя супраць Украіны працягваецца. Мы рашуча асуджаем актывізацыю абстрэлаў гарадзкіх цэнтраў, у выніку якіх загінулі і атрымалі раненьні мірныя жыхары, і паўтараем наш заклік да Расеі неадкладна спыніць ваенныя дзеяньні і пачаць зьмястоўны дыялёг», — дадалі ў арганізацыі.

Паводле папярэдніх падлікаў, ва Ўкраіне ўжо загінулі каля 2000 мірных жыхароў, звыш 800 000 сталі ўцекачамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінцы вярнулі Бучу, расейцы абстрэльваюць Чарнігаў і Марыюпаль, магчымыя гуманітарныя калідоры. Хроніка восьмага дня вайны ва Ўкраіне