«Яе звалі Паліна». Пракуратура Ўкраіны заявіла пра расстрэл расейскімі дывэрсантамі сям'і ў Кіеве, у тым ліку дзяўчынкі

Кіеў у дыме пасьля расейскай атакі

Генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава: «Грамадзянін Пуцін! Мы дакажам, што вы забойца і галоўны злачынец стагодзьдзя».

Генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава заявіла, што 26 лютага расейскія дывэрсанты расстралялі ў Кіеве сям’ю з чатырох чалавек: «загінулі бацькі і адна з дачок, якая вучылася ў 4-й клясе», а таксама ў абстрэле машыны хуткай дапамогі ў Херсонскай вобласьці.

Венядзіктава зьвярнулася да расейцаў:

«Вашы ракеты б’юць па жылых раёнах і населеных пунктах. Гінуць і атрымліваюць цяжкія раненьні дзеці, людзі пажылога веку і жанчыны.

Узброеныя сілы РФ сыстэматычна дэманструюць грэблівае стаўленьне да законаў і звычаяў вядзеньня вайны, яны ўвесь час зьдзяйсьняюць напады на абʼекты цывільнай інфраструктуры, якія знаходзяцца пад абаронай міжнароднага гуманітарнага права.

Войскі агрэсара нанесьлі сотні ўдараў крылатымі і балістычнымі ракетамі па цывільным насельніцтве. Дзясяткі такіх удараў былі накіраваныя на дзіцячыя сады і школы, лякарні, дзе знаходзіліся самыя маленькія ўкраінцы.

Толькі за сёньняшнюю ноч захопніцкія войскі РФ нанесьлі ўдары па абʼектах цывільнай і крытычнай інфраструктуры, сярод якіх:

  • нафтабаза ў Васількове;
  • газаправод у Харкаве;
  • сховішча ядзерных адкідаў у Кіеве.

Усе гэтыя абʼекты не былі законнымі ваеннымі мэтамі з пункту гледжаньня міжнароднага гуманітарнага права. Ад удараў па гэтых абʼектах у першую чаргу цярпіць цывільнае насельніцтва».

Венядзіктава дадала:

«Вы пры ўсіх намаганьнях вашай прапаганды, якая залівае вам мазгі і сэрцы, не прадставіце мяне, якая да 40 гадоў жыла ў расейскамоўным Харкаве з прозьвішчам Венядзіктава, радыкалкай. А нацыяналісты — мы ўсе. Нацыяналісты — украінцы ад Керчы, Данецку і да Львова, Ужгараду і Цярнопаля. Нацыяналісты — гэта тыя, хто любіць сваю радзіму».

Яна заклікала расейскіх грамадзян дапамагчы спыніць вайну ва Ўкраіне:

«Грамадзяне Расеі, калі вы ня спыніце гэтую вайну — вы саўдзельнікі і памагатыя самых цяжкіх ваенных злачынстваў. Трэмінаў даўнасьці па іх няма. Аплочваць іх будуць цяперашнія і наступныя пакаленьні расейцаў», — заявіла Ірына Венэдыктава ў сваім звароце да расейскіх грамадзян.

Яна зьвярнулася і да Пуціна:

«Грамадзянін Пуцін. Звычайна я не называю прозьвішчаў і паважаю прэзумпцыю невінаватасьці. Але ня ў вашым выпадку. Мы дакажам у справядлівым судзе, што вы забойца і галоўны ваенны злачынец ХХІ стагодзьдзя. Гэта я вам афіцыйна заяўляю. Як генэральны пракурор сувэрэннай дзяржавы Ўкраіны ў сваіх межах, а ня ў вашых. Як магчымы будучы галоўны дзяржаўны абвінаваўца ў міжнародным судзе».

Расстрэл сям’і ў Кіеве

Сакратар Кіеўскай рады Ўладзімір Бандарэнка раней паведаміў у Facebook пра страляніну з удзелам расейскіх дывэрсантаў ў горадзе Кіеве:

«Яе звалі Паліна. Яна вучылася ў 4-м клясе 24-й школы Кіева. Сёньня раніцай (26 лютага) яна і яе бацькі былі расстраляныя расейскай ДРГ», — напісаў Бандарэнка.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.