Беларуская амбасада ва Ўкраіне не працуе. Афіцыйны сайт не абнаўляецца з 24 лютага

Кіеў сёньня

Грамадзяне Беларусі, якія засталіся ў Кіеве, ня могуць зьвязацца з консуламі амбасады Беларусі ва Ўкраіне.

Ніводзін тэлефон не адказвае — ні гарадзкі, зь якога раней сакратарка магла пераключыць на дыпляматаў, ні мабільны тэлефон консула, службовы абавязак якога — дапамагаць грамадзянам Беларусі, што трапілі ў надзвычайную сытуацыю ва Ўкраіне.

Увогуле невядома, ці знаходзяцца беларускія дыпляматы на сваіх працоўных месцах.

Афіцыйны сайт амбасады адкрываецца, але не абнаўляецца. 24 лютага апублікавана апошняе паведамленьне, якое тычылася рэкамэндацый грамадзянам Беларусі не наведваць Украіну і адкрыцьця тэлефонаў «гарачай лініі» на выпадак патрэбнай дапамогі — двух у Менску і аднаго ў Кіеве, на які Свабода таксама не змагла дазваніцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Кіеў і Масква дамовіліся на перамовы. Хроніка вайны 27 лютага

Не адказваюць тэлефоны і Генэральнага кансуляту Беларусі ў Адэсе.

На старонцы Міністэрства замежных спраў Беларусі ў Fаcebook паведамляецца, што да беларускіх дыпляматаў ужо зьвярнуліся больш за 2,3 тысячы чалавек, якія атрымалі ўсе магчымыя рэкамэндацыі.

Беларусам раяць вяртацца на радзіму праз Польшчу і Славаччыну, а тым, хто вырашыў застацца ў Кіеве, выконваць вызначаныя ў горадзе захады бясьпекі.

У МЗС Беларусі таксама сьцьвярджаюць, што грамадзяне Ўкраіны могуць «бесьперашкодна» выехаць зь Беларусі праз пункт пропуску «Новая Рудня» (Гомельская вобласьць) — «Выступовічы» Жытомірская вобласьць) як на легкавых, так і на грузавых аўтамабілях.

Мяркуючы па водгуках, якія можна знайсьці ў Google, грамадзяне Беларусі і іншаземцы і да вайны былі не задаволеныя якасьцю консульскіх паслуг беларускай амбасады. Вельмі шмат скаргаў на хамства супрацоўнікаў амбасады.