Расейскія банкі, якія трапілі пад санкцыі, адключаюць ад SWIFT
ЗША, Канада і ключавыя краіны Эўразьвязу, уключаючы Нямеччыну, Францыю і Італію, узгаднілі выключэньне з сыстэмы міжбанкаўскіх плацяжоў SWIFT расейскіх банкаў, якія трапілі пад санкцыі.
Для выключаных з сыстэмы банкаў гэта азначае, што плацяжы ў іх з-за мяжы і за мяжу будуць ускладненыя — іх давядзецца праводзіць іншымі спосабамі, напрыклад факсам ці тэлетайпам.
Дакладны сьпіс банкаў, якія трапілі пад абмежаваньне, не прыводзіцца. Санкцыі цяпер уведзеныя, у прыватнасьці, супраць «Альфа-Банка», ВЭБ, ВТБ, «Промсвязьбанка», «Открытия», Банка «Россия», «Россельхозбанка», МКБ, «Совкомбанка» і некалькіх крэдытных арганізацый, якія працуюць у анэксаваным Крыме.
Рашэньне краін, якія дамовіліся пра адключэньне ад SWIFT, узмацняе санкцыі, уведзеныя супраць Расеі пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны з Украінай.
Кіеў заклікаў адключыць Расею ад SWIFT, аналягічнае патрабаваньне публічна выставілі многія сусьветныя лідэры, напрыклад прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан і прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман.
Як вынікае з паведамленьня Белага дому, адключэньне расейскіх банкаў ад SWIFT — не адзінае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый. Бакі дамовіліся ўскладніць атрыманьне грамадзянства ў заходніх краінах у абмен на інвэстыцыі для расейскіх бізнэсоўцаў, зьвязаных з урадам. Бакі дамовіліся ўскладніць магчымасьці для расейскага Цэнтрабанка супрацьдзейнічаць санкцыям.
Акрамя таго, заходнія краіны створаць апэратыўную групу, якая будзе выяўляць актывы расейцаў, якія трапляюць пад абмежаваньні, у зонах іх юрысдыкцыі. Краіны плянуюць абмежаваць актывы для шырэйшага сьпісу прадстаўнікоў блізкай да ўлады расейскай эліты, службовых асоб і іх сем’яў і памагатых.