Старшыня Рады БНР заклікала беларусаў да яднаньня перад пагрозай страты незалежнасьці

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла запісала відэазварот, у якім падтрымала Ўкраіну і заклікала беларусаў да яднаньня.

«Расейскія танкі імчаць па беларускай зямлі, каб атакаваць Украіну — і наш зноў зьнямелы народ — маўчыць!, — кажа Івонка Сурвіла. — А сьвет думае, што ўзурпатар прадаў зямлю Беларусі расейскаму агрэсару са згоды беларускага народа. Але мы ведаем, што гэта няпраўда. Беларускі народ сам знаходзіцца ў няволі тырана, які трымаецца выключна на падтрымцы Пуціна».

«Калі два гады таму беларускі народ паўстаў, каб выправіць памылку, зробленую ў 1994 годзе — на вуліцы Менску зьявілася бронетэхніка, вельмі падобная на тую, якая цяпер штурмуе ўкраінскія гарады. А Пуцін падтрымаў зьдзек Лукашэнкі супраць свайго народу», — сказала старшыня Рады БНР.

Сурвіла заклікала беларусаў да яднаньня перад пагрозай страты незалежнасьці: «Якія б палітычныя, партыйныя, сьветапоглядныя, рэлігійныя адрозьненьні мы ня мелі, калі мы любім нашую Бацькаўшчыну — у нас непавінна быць перашкодаў, каб аб’яднацца дзеля яе выратаваньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР: Ад посьпеху Ўкраіны ў адбіцьці агрэсіі будзе залежаць і будучыня Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР запатрабавала неадкладнага вываду расейскіх войскаў зь Беларусі