У зьмешчанай на старонцы Рады БНР у фэйсбуку заяве канстатуецца, «што цяперашні збройны напад Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны носіць супрацьзаконны характар, маючы прыкметы міжнароднага „злачынства супраць міру“, як і любы саўдзел і спрыяньне гэтым супрацьзаконным дзеяньням з боку дзейсных уладаў Рэспублікі Беларусь».
Рада папярэдзіла афіцыйных асобаў Рэспублікі Беларусь «пра адказнасьць за магчымае ўцягваньне Беларусі ў вайну, а таксама за падтрымку ці спрыяньне збройнай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі» і заклікала міжнародную супольнасьць «да цьвёрдай пазыцыі адносна як кіраўніцтва дзяржавы – ініцыятара агрэсіі, так і нелегітымнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі».
У заяве гаворыцца, што «ад посьпеху Ўкраіны ў адбіцьці агрэсіі будзе залежаць і будучыня Беларусі і рэгіёну, далейшы нацыянальны лёс беларускага народу».
Рада БНР, паўтараючы сваю Заяву ад 12 верасьня 2014 году, «вітае і разглядае любую падтрымку, якую беларусы ў Беларусі і ўсім сьвеце будуць аказваюць украінскаму народу і дзяржаве ў справе абароны сувэрэнітэту Украіны ад вонкавай агрэсіі, а таксама такую падтрымку трэцім бакам, якія б дзейнічалі ў названых мэтах, як адпавядаючую доўгатэрміновым інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Беларусі».