«Калі ўцяку, то проста падману сябе». Беларуска перадумала зьяжджаць з Украіны і расказала пра свой досьвед

Кіяўляне хаваюцца ў мэтро ад расейскіх авіяўдараўб 25 лютага 2022

Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну беларуска Аліна спачатку выехала з Кіева ў Львоў, але ўсё ж вырашыла застацца ва Ўкраіне. Пра сваё рашэньне і тое, што адбываецца ва Ўкраіне, дзяўчына расказала Свабодзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Абстрэлы Кіева, Харкава і іншых гарадоў. Звыш 150 тысяч уцекачоў. Хроніка расейскай агрэсіі супраць Украіны 26 лютага

Дзяўчына кажа, што цяпер у Львове пакуль спакойна, працуюць прадуктовыя крамы і аптэкі, але ў іх вялікія чэргі, людзі разьбіраюць лекі першай неабходнасьці.

Чарга ля банку ў Львове 24 лютага

«Украіна вельмі падрыхтаваная. Ёсьць карты бамбасховішчаў. У Кіеве яно было проста ў маім двары. Перш чым пачынаецца атака, уключаецца сырэна і ты разумееш, што трэба хавацца.

У Кіеве было складаней: у першы і другі дзень крамы працавалі да 18 гадзін. Аптэкі таксама працавалі, але нельга было купіць бінты, абязбольвальныя, у першы дзень іх ужо не было. У Львове аптэкі працуюць, але да іх велізарныя чэргі на вуліцы. Прадуктовыя крамы працуюць нармальна», — кажа беларуска Аліна.

У Львове Аліне спатрэбілася мэдычная дапамога ў шпіталі: яна ўпала і пашкодзіла руку.

«Праз тое, што я беларуска і ваеннае становішча, гэта было даволі нялёгка. Кіраўнікі лякарні правяралі мае дакумэнты, аглядалі рэчы і толькі потым пусьцілі да лекара. Мне зрабілі здымак, агледзелі, забінтавалі акуратна руку і гэта ўсё бясплатна. Я спытала, ці магу я неяк ім падзякаваць. А лекар адказаў: «Калі хочаце нам дапамагчы, падтрымайце войска, ёсьць розныя фонды».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Баявы настрой — мы ж перамагаем!» — беларус, які браў удзел у начным баі за Васількоў

«Мы зразумелі, што машыніст едзе па старым маршруце — да мяжы зь Беларусьсю»

Паездка з Кіева ў Львоў для дзяўчыны была няпростай.

«З Кіева можна выбрацца толькі на нейкім сваім транспарце або на цягніку. Учора цягнікі ў розных кірунках скасоўвалі і адпраўлялі ў Львоў, усе яны бясплатныя. Я з 10 раніцы стаяла на пэроне і спрабавала трапіць у цягнік, зьехала толькі гадзіны ў 3-4. У адзін з цягнікоў я не змагла ўлезьці, бо была цісканіна. Калі пад’ехаў цягнік, у людзей пачалася дзікая паніка, яны набіваліся ў вагоны, хтосьці бег па пэроне, у яго вылецелі шкляныя бутэлькі, якія я потым спрабавала сабраць, каб дзіця не звалілася, не паранілася аб аскепкі».

Аліна кажа, што на вакзале было вельмі шмат чарнаскурых іншаземцаў, як яна мяркуе, студэнтаў. Паводле Аліны, яны нахабна і жорстка сябе паводзілі, стваралі паніку і карысталіся сытуацыяй. Дзяўчына дадае, што праз гэта не магла трапіць у цягнік.

Натоўп людзей на Кіеўскім вакзале чакае цягнік да Львову, 25 лютага

«Мне проста пашанцавала, бо правадніца сказала шэптам: „Не адыходзьце, мы вас забяром“. Іншаземцам было пляваць, што стаялі дзяўчаты, жанчыны зь дзецьмі, яны штурхалі правадніка. Паліцыі не хапала, бо на кожны ўваход па адным паліцыянце і сотня пасажыраў. Я стаяла каля вагону, і мяне натоўп ледзь не штурхнуў на рэйкі. Адну дзяўчыну мы зь іншымі жанчынамі трымалі ў паветры, бо натоўп ціснуў. А яшчэ ў гэтую шчыліну між вагонам і пэронам падалі валізкі. Людзі штурхаюцца, твая валізка падае і ты ня можаш яе дастаць, бо ня трапіш тады ў цягнік. А яшчэ замежнікі пачалі крычаць „push!“, каб іншыя мяне штурхалі. Я думала, што мне гамон будзе, жудасна. Хтосьці яшчэ крычаў, каб усе хаваліся, і калі людзі разьбягаліся, яны заскоквалі ў цягнік. І гэта страшна, бо калі будзе рэальная трывога, людзі не ўратуюцца».

25 лютага, з словаў Аліны, у Кіеве зьмянілі маршруты амаль усіх цягнікоў і накіравалі іх на Львоў.

Цягнік з Херсону ў Львів пасьля прыпынку ў Кіеве

«Мой ішоў з Херсону, машыніста папярэдзілі за гадзіну, што ён едзе ў Львоў. І вось празь некаторы час мы зразумелі, што машыніст едзе старым маршрутам на поўнач, да мяжы зь Беларусьсю. У выніку мы вярталіся назад, мянялі курс і замест 5 гадзін ехалі больш за 13. Няхай сабе я, але хтосьці ехаў зь дзецьмі, з жывёламі. І вось гэтыя хлопцы-іншаземцы сядзелі ў купэ, а я, дзеці, жанчыны сядзелі ў праходзе, некаторыя не змаглі празь іх трапіць у цягнік увогуле. Яны наагул не разумелі, што вайна і ўсе гэтыя людзі ратуюцца, хадзілі пастаянна цераз нас, каб выпіць кавы. Я пачала зь імі спрачацца, адзін зь іх пачаў пагражаць траўматам, але мяне падтрымалі іншыя жанчыны».

«Разам з украінцамі я адчуваю гонар»

Банкаўская картка Аліны заблякаваная — паводле рашэньня ўкраінскіх уладаў банкаўскія рахункі грамадзян Расеі і Беларусі ва ўкраінскіх банках ня дзейнічаюць. Дзяўчына кажа, што цяпер мае наяўныя, таму на першыя дні грошай хопіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Забяру грошы, калі пераможам». Што беларусы думаюць пра блякаваньне іх рахункаў украінскімі банкамі

«Я думаю, што наступны тыдзень тут правяду, бо не хачу, калі шчыра, зьяжджаць у Польшчу, не хачу нікуды ўцякаць. І разумею, што калі ўцяку, то проста падману сябе. Таму я цяпер у Львове, у сяброў, далей буду спрабаваць дзесьці спыніцца, скарыстаюся нейкай ініцыятывай, каб тут існаваць».

Дзяўчына кажа, што ў Львове і Кіеве людзі добра разумеюць, што адбываецца і што варта рабіць.

Кіяўляне хаваюцца ў мэтро ад расейскіх авіяўдараў 25 лютага 2022

«Недалёка ад нашага дому хтосьці парасклейваў пазнакі для ракет, і хлопец з дзяўчынай хадзілі і зьдзіралі іх. Няма панікі ў самім горадзе, ёсьць разуменьне сытуацыі, што трэба рабіць. Напружаньне лунае ў паветры. Але ў Львове прынамсі пакуль яшчэ жыцьцё спакойнае, бо ў апошнюю ноч у Кіеве было цяжка, я прачыніла вакно на выпадак, калі будзе выносіць шкло ад удару ракет, каб яно не разрэзала мне твар. Я не хадзіла ў мэтро, потым суседзі сказалі, што там не было месцаў».

Беларуска кажа, што яна застаецца ва Ўкраіне, «бо разам з украінцамі адчуваю гонар. Нягледзячы на ўсе навіны, адчуваю абароненасьць. Тое, што цяпер робіць Зяленскі, выклікае ў мяне толькі павагу, і я адчуваю абарону, хоць я чужы чалавек у чужой краіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

7 адказаў тым, хто абвінавачвае агулам усіх беларусаў, – меркаваньне

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.