«Мы выстаялі і пасьпяхова адбілі варожыя атакі. Баі працягваюцца». Зяленскі выступіў са зваротам. ВІДЭА

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

26 лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выступіў з новым відэазваротам да народу Ўкраіны.

«Мы выстаялі і пасьпяхова адбілі варожыя атакі. Баі працягваюцца. У многіх гарадах і раёнах нашай дзяржавы. Але мы ведаем, што абараняем — краіну, зямлю, будучыню дзяцей. Кіеў і ключавыя гарады вакол сталіцы знаходзяцца пад кантролем нашай арміі. Акупанты хацелі заблякаваць цэнтар нашай дзяржавы і паставіць тут сваіх марыянэтак, як у Данецку. Мы парушылі іх плян», — заявіў Зяленскі.

Ён адзначыў, што расейскія войскі б’юць па жылых кварталах, у тым, ліку з рэактыўнай артылерыі, намагаюцца зруйнаваць энэргетычныя аб’екты, і гэта, паводле Зяленскага, канчатковы аргумэнт для сьвету, «каб разам з Украінай спыніць акупацыйнае нашэсьце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Абстрэлы Кіева, Харкава і іншых гарадоў. Звыш 150 тысяч уцекачоў. Хроніка расейскай агрэсіі супраць Украіны 26 лютага

Таксама Зяленскі сказаў, што народ Украіны заслужыў сяброўства ў Эўразьвязе і дадаў:

«Надышоў вырашальны момант, каб раз і назаўжды закрыць шматгадовую дыскусію і прыняць рашэньне аб сяброўстве Ўкраіны ў Эўразьвязе», — сказаў Зяленскі.

Ён паведаміў, што абмеркаваў са старшынём Эўрапейскай Рады Шарлем Мішэлем далейшую дапамогу Ўкраіне ад ЭЗ. Паводле Зяленскага, антываенная кааліцыя працуе і ва Ўкраіну ўжо паступае зброя і тэхніка ад партнэраў.

Паводле прэзыдэнта Ўкраіны, Украіна цяпер мае амаль поўную падтрымку краінаў Эўразьвязу што да адключэньня Расеі ад SWIFT.