Выданьне Zerkalo.io сабрала інфармацыю аб тым, чым займаўся Аляксандар Лукашэнка з пачатку нападу Расеі на Ўкраіну.
24 лютага, 10.30-12.30: Ва Ўкраіне першыя палеглыя. Лукашэнка рыхтуецца да трэніроўкі
У Палацы незалежнасьці ў Менску Аляксандар Лукашэнка пачынае нараду з вайскоўцамі. У працэсе ён заяўляе, што сам «асабіста прапанаваў Пуціну пакінуць некаторую колькасьць Узброеных Сіл Расеі на поўдні нашай Беларусі».
Пасьля 12 гадзінаў дня ён мае зносіны з работнікамі дзяржаўных мэдыя. Акрамя іншага, гучыць пытаньне прадстаўніка тэлеканалу АНТ Ігара Тура пра пляны Лукашэнкі на наступныя дні. «Сёньня і заўтра хакей па раскладзе?» — пытаецца ён.
«Абавязкова. Трэніроўка сёньня. Усё па раскладзе. У суботу я хачу паглядзець рэзэрву. Правалілі Алімпіяду — хачу паглядзець, каго трэнэры пакажуць, рэзэрву нашу бліжэйшую. Хто ў Італіі будзе па горах поўзаць (на Гульнях 2026 году ў Міляне). Гэта ж ганьба — грошы трацім, а выніку жаданага няма», — адказаў Лукашэнка.
У гэты ж час Расея атакуе аб’екты ў дзясятках пунктаў Украіны. Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны паведаміла пра наступ расейскіх войскаў, абстрэлы памежных падразьдзяленьняў і нарадаў, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. На той момант ужо ёсьць загінулыя. Ракетныя ўдары наносяцца ня толькі па вайсковых аб’ектах, але і трапляюць у населеныя пункты.
Расея напала на Ўкраіну. Першыя фатаздымкі
Расейскае кіраўніцтва называе гэта «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй», Кіеў і ўвесь астатні сьвет — вайной супраць Украіны.
25 лютага, 10:00: У Кіеве хаваюцца ад бомбаў. Лукашэнка на экскурсіі ў мэдыцынскім цэнтры
Лукашэнка прыехаў у Менскі навукова-практычны цэнтар хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі. Топ-чыноўнікі, уключаючы работнікаў мэдыцынскай сфэры, падчас экскурсіі па МНПЦ расказвалі палітыку аб дасягненьнях беларускай трансплянталёгіі.
Расейскія вайскоўцы захапілі два аўтамабілі Ўзброеных сіл Украіны і рушылі разам з калёнай расейскай тэхнікі ў цэнтар Кіева. У сталіцы ідуць баі. Вайскоўцы краіны адбілі атаку расейскай бранятанкавай групы ў раёне пасёлка Трохізбенка ў Новаайдарскім раёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Абстрэлы Кіева, Харкава і іншых гарадоў. Звыш 150 тысяч уцекачоў. Хроніка расейскай агрэсіі супраць Украіны 26 лютага25 лютага, каля 17 гадзін: Ва Ўкраіне абстралялі дзіцячы садок. Лукашэнка раздае ўзнагароды
Украінскі дэпутат паведамляе, што расейскія вайскоўцы абстралялі дзіцячы садок у Ахтырцы. Тры чалавекі загінулі, 17 дзяцей былі параненыя, зь іх трое — у цяжкім стане.
Узброеныя сілы Ўкраіны паведамляюць аб зьнішчэньні расейскай танкавай калёны, якая рухалася з боку Паўлапаля. Усяго нашы паўднёвыя суседзі паведамляюць 2800 забітых расейскіх вайскоўцаў.
Вайна і разбурэньні ва Ўкраіне. ФОТАГАЛЕРЭЯ
Лукашэнка раздае дзяржаўныя ўзнагароды спартовым трэнэрам, службоўцам, работнікам сфэры адукацыі.
26 лютага: Лукашэнка паглядзіць на спартоўцаў. Украіна працягне абараняцца ад ваенных нападаў Расеі
Вядома, што сёньня Аляксандар Лукашэнка наведае цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі ў Раўбічах, дзе пройдзе «вялікае спартовае сьвята». Там ён у кампаніі спартоўцаў выпрабуе лыжню і стрэльбішча. «Затым на старт выйдзе моладзь», — паведамляе агенцтва «Минск-Новости».
Чым скончыцца гэты дзень для жыхароў Украіны, ня ведае ніхто. З раніцы Расея наносіць ракетныя ўдары па населеных пунктах недалёка ад украінскай сталіцы. Ідуць баі на вуліцах Кіева. Да гэтага моманту ня менш за 100 тысяч украінцаў пакінулі свае дамы, паведамляе Генэральны сакратар ААН.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.