Хроніка перасьледу 25 лютага: беларусаў затрымліваюць за антываенныя пікеты і заклікі выйсьці на мітынг

Улётка ў Менску

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іхную грамадзянскую пазыцыю. 24-25 лютага ў розных гарадах Беларусі адбыліся затрыманьні.

Затрыманьне ў Горадні і Менску

Праваабаронцам стала вядома, што 24 лютага ў Горадні затрымалі 27-гадовую Марыну Санкевіч. Паводле папярэдніх дадзеных, цяпер яна знаходзіцца ў Ленінскім РАУС. Аб прычынах і акалічнасьцях затрыманьня інфармацыі пакуль няма.

Таксама праваабаронцы маюць зьвесткі пра шэраг затрыманьняў учора і сёньня ў Менску. «Вясна» са спасылкай на выпадковых сьведак паведамляе пра затрыманьне 24 лютага мужчыны каля 12:00 на вуліцы Сьвярдлова, паміж дамамі 32 і 34.

Па словах мінакоў, затрыманы быў невысокага росту, немалады, апрануты ў цёмную куртку і шапку. Імя і прозьвішча яго невядомыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крыніцы Zerkalo.io: беларускія лякарні, якія знаходзяцца каля памежжа, вызваляюць для параненых вайскоўцаў

24 лютага ў Менску затрымалі і Віталя Моўчана. У чым абвінавачваюць мужчыну, як і абставіны яго затрыманьня, таксама пакуль невядомыя.

Яшчэ аднаго менчука затрымалі ўчора трое міліцыянтаў прыкладна каля 16:45 на вуліцы Кірава, піша «Вясна». Сьведкі паведамляюць, што на выгляд мужчыне каля 50 гадоў, быў у шэрай шапцы і цёмнай вопратцы. З сабой меў чорную спартовую торбу. Міліцыянты праверылі пашпарт затрыманага, а пасьля, забраўшы дакумэнт, кудысьці яго павялі. Пакуль ніякай іншых інфармацыі пра мужчыну і ягонае месцазнаходжаньне ў праваабаронцаў няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гарадах Беларусі расклеілі ўлёткі са словамі падтрымкі Ўкраіны. ФОТА

У Менску затрымалі лідэраў Свабоднага прафсаюзу мэталістаў

Як расказалі «Салідарнасьці» прадстаўнікі незалежнага прафруху Беларусі, 24 лютага падчас ператрусу ў офісе Свабоднага прафсаюзу мэталістаў канфіскавалі тэхніку і мабільныя тэлефоны (у кіраўніцтва і супрацоўнікаў). Затрымалі намесьнікаў старшыні СПМ Ігара Комліка і Аляксандра Еўдакімчыка. Апошняга сілавікі выцягвалі з офісу груба.


Па дадзеных на раніцу 25 лютага, не выходзіць на сувязь лідэр СПМ, 82-гадовы Аляксандар Бухвостаў.

За заклік выйсьці на мітынг у асноўны дзень галасаваньня на рэфэрэндуме затрымалі Рамана Булойчыка. Праўладны телеграм-канал выклаў відэа з мужчынам, на якім ён гаворыць, што 24 лютага ў адным з телеграм-каналаў, прызнаным экстрэмісцкім, пакінуў камэнтар з заклікам выйсьці на мітынг у дзень рэфэрэндуму, а ўжо праз 6 гадзін яго затрымаў ГУБАЗіК. Дзе цяпер знаходзіцца Раман і які артыкул яму інкрымінуюць, пакуль невядома.

Жодзінца затрымалі за заклік выйсьці на акцыю пратэсту, зь ім таксама зьявілася відэа. Як завуць мужчыну, не паведамляецца, але ГУБАЗіК называе яго Пушкіным. Пад такім нікам у сацсетках 24 лютага мужчына пакінуў паведамленьні з заклікам сабрацца а 17:00 ля крамы Green.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч: «„Чырвоны чалавек“ зноў падняўся і дае нам бой. Спадзяюся, апошні»

На камэру затрыманы раскайваецца ў сваіх дзеяньнях і гаворыць пра тое, што ў 2020 годзе заклікаў да несанкцыянаваных масавых акцый.
Дзе цяпер знаходзіцца жодзінец, невядома.

У Маладэчне, у сваю чаргу, затрымалі жанчыну, які выйшла на антываенны пікет. Вядома, што ўчора каля 11 раніцы Вольга Барунова стала на дарозе каля крамы на Вялікім Гасьцінцы зь бел-чырвона-белым сьцягам. Прыкладна праз 15 хвілін прыехалі сілавікі. Жанчына паспрабавала ўцячы, але яе схапілі.

«Раніцай мама была вельмі засмучаная навіной пра тое, што ва Ўкраіне пачалася вайна. Гэта і падштурхнула яе выйсьці адной на акцыю», — падзяліўся сын Вольгі.