Крыніцы Zerkalo.io: беларускія лякарні, якія знаходзяцца каля памежжа, вызваляюць для параненых вайскоўцаў

Харкаўская дарога, дзе была зьнішчана калёна расейскай вайсковай тэхнікі

Ужо другі дзень запар чытачы Zerkalo.io паведамляюць, што ў беларускіх шпіталях, якія знаходзяцца на тэрыторыях каля памежжа, вызваляюць ложкі для расейскіх вайскоўцаў.

Недзе фарміруюць брыгады на выпадак выезду, а недзе нават нібыта прывезьлі параненых.

Zerkalo.io падкрэсьлівае, што не цалкам упэўнена ў дакладнасьці дадзеных. Аднак паколькі пра гэта паведамляюць розныя людзі, рэдакцыя прыняла рашэньне апублікаваць гэтую інфармацыю.

Бальніца ў Гомлі

Учора ўвечары нам напісаў чытач, які знаходзіўся на шпіталізацыі ў гомельскай бальніцы. Па ягоных словах, днём 24 лютага яго (як і іншых хворых), выпісалі. Чытач расказваў, што на выпіс адправілі нават ляжачых пацыентаў.

Падобная сытуацыя і ў Гомельскай дзіцячай бальніцы, напісаў чытач піша са слоў сваёй сваячкі, якая там працуе.

Сьцьвярджаецца, што з боку кіраўніцтва быў «вусны загад ачысьціць хірургічнае аддзяленьне гэтай бальніцы».
Падобна, сытуацыя закранула не толькі лякарні: чытач, спасылаючыся на «кіраўніцтва адной з мэдыцынскіх устаноў Гомля», распавядае, што ў вобласьці галоўным лекарам паліклінік «было загадана сфармаваць выязныя брыгады складам каля 3-4 чалавек, укамплектаваныя і гатовыя аказваць дапамогу параненым».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна дае адпор расейскай агрэсіі. Расею выключылі з Рады Эўропы. Што адбывалася 25 лютага

Бальніца ў Мазыры

Пра тое, што ЦРБ Мазыра пераабсталявана пад ваенны шпіталь, піша гомельскі тэлеграм-канал Флагшток са спасылкай на ўнутраную крыніцу.

Аб гэтым паведамляюць і чытачы Zerkalo.io. Так, са слоў чытача, маці якога раней працавала ў гэтай бальніцы і працягвае размаўляць з калегамі, у бальніцы аддадзены загад вызваліць па 20 ложкаў у кожным аддзяленьні.

У яшчэ адной чытачкі ў рэанімацыі ў Мазырскай гарадзкой бальніцы таксама працуе маці. Так паводле яе слоў, ўчора туды прывезьлі сем параненых чалавек. Таксама зараз у бальніцы фарміруюць брыгады на выпадак выезду.

Трэцяя чытачка перадае словы знаёмага лекара з гэтай жа лякарні ў Мазыры: ён сьцьвярджае, што туды масава вязуць параненых расейскіх салдат. Таксама гаворыцца, што сярод параненых ёсьць людзі розных узростаў: як маладыя, так і сталыя.

У гэтую лякарню нашая журналістка патэлефанавала як прыватная асоба. На пытаньне, ці праўда ва ўстанове знаходзяцца параненыя і выдзяляюцца ложкі для іх, там не адказалі. Параілі зьвяртацца ў паліклініку, калі ёсьць скаргі, а яшчэ — «не перашкаджаць працаваць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскі матрос ахвяраваў жыцьцём, каб падарваць мост ля Крыму і спыніць расейскія войскі

Бальніца ў Калінкавічах

Пра сытуацыю ў гэтай бальніцы чытач расказвае са слоў знаёмых і сваячкі, якія працуюць там. Так, сьцьвярджаецца, што з учора ў шпіталь пастаўлялі мэдыкамэнты, нібыта там рыхтуюцца прымаць параненых. Да таго ж, кажа чытач, у шпіталі скарачаюць тэрмін знаходжаньня на шпіталізацыі.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.