У 5 гадзін раніцы Пуцін абвясьціў вайну Ўкраіне. Чуваць выбухі ў Краматорску, Харкаве і Кіеве

Уладзімір Пуцін

Кіраўнік Расеі заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе.

Рана раніцай 24 лютага прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў, што па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР» прыняў рашэньне аб пачатку спэцапэрацыі на Данбасе. Ён сказаў, што ў пляны Расеі не ўваходзіць акупацыя ўкраінскіх зямель. Ён заклікаў украінскіх вайскоўцаў скласьці зброю і «ісьці дадому».

«Згодна з арт. 51 Статуту ААН з санкцыі Савета Фэдэрацыі вырашыў правесьці спэцыяльную ваенную апэрацыю... Мы будзем дамагацца дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Ўкраіны», — заявіў Пуцін у эфіры каналу «Россия 24». Ён сказаў, што разьлічвае на «кансалідаваную пазыцыю парлямэнту» ў гэтым пытаньні.

«Мы будзем імкнуцца да дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Ўкраіны. А таксама перадачы ў суд тых, хто ўчыніў шматлікія крывавыя злачынствы супраць мірнага насельніцтва, у тым ліку грамадзян Расейскай Фэдэрацыі», — сказаў Пуцін.

«Ні ў кога не павінна быць сумненьняў у тым, што прамы напад на Расею прывядзе да паразы і страшных наступстваў для патэнцыйнага агрэсара», — сказаў ён.

  • Ужо паведамляецца пра выбухі ў Краматорску, Харкаве і Кіеве.
  • Прыкладна ў 5 раніцы сёньня адбылася тэлефонная размова Пуціна і Лукашэнкі, паведаміў ТГ-канал «Пул первого»: «Пуцін праінфармаваў беларускага калегу аб сытуацыі на мяжы з Украінай і на Данбасе».
  • Як мінімум чатыры выбухі прагрымелі ў Краматорску, магутны выбух у Адэсе, Бярдзянску і пачатак моцных абстрэлаў на Данбасе.
  • Ва ўкраінскай сталіцы выбухі пачулі жыхары Пазьнякоў і Троешчыны. Тым часам у раёне аэрапорту Барыспаль прагрымелі выбухі і страляніна.