Літоўская фінансавая кампанія Paysera абмежавала грашовыя пераводы ў Расею і Беларусь

Кампанія зь літоўскім капіталам Paysera абвясьціла, што больш ня будзе абслугоўваць апэрацыі ў расейскіх рублях, закрые рахункі расейскіх кліентаў і абмяжуе пераказ грошай у банкі Расеі і зь іх.

«Санкцыі ЭЗ супраць расейскіх банкаў з 22 лютага — кампраміс, які павінен быць прыняты ўсімі чальцамі ЭЗ. Мы салідарныя з украінцамі і ня будзем абслугоўваць практычна ўсе апэрацыі, зьвязаныя з Расеяй», — заявіў генэральны дырэктар кампаніі Гінтаўтас Мяжаціс.

Пераказы ўва ўсе расейскія ці беларускія банкі спыняюцца для ўсіх кліентаў Paysera, калі атрымальнік — кампанія з гэтых краін.

Абмежаваньне датычыцца толькі юрыдычных асобаў і не распаўсюджваецца на фізычных асобаў.

Кампаніі зь іншых краін, асноўнымі акцыянэрамі якіх ёсьць грамадзяне Расеі, ня змогуць заставацца кліентамі Paysera.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францыя заявіла аб непрызнаньні рэфэрэндуму ў Беларусі, чакаецца супольнае рашэньне Эўразьвязу

Паводле дамоваў з кліентамі транзакцыі могуць абмежаваць праз 60 дзён пасьля апавяшчэньня.

Паводле Мяжаціса, ня выключана, што ў бліжэйшыя месяц-два ЭЗ або ЗША ўвядуць больш жорсткія санкцыі супраць расейскага фінансавага сэктару. У гэтым разе Paysera будзе стасаваць санкцыі ЭЗ або ЗША неадкладна.

Paysera — фінансавая кампанія, у якой можна адкрываць рахункі як фізычным асобам, так і кампаніям і заводзіць платныя карткі, прывязаныя да гэтых рахункаў. Рахунак Paysera — адна з альтэрнатываў банкаўскаму рахунку, карткай можна расплочвацца ў крамах, у інтэрнэце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад санкцыі ЗША супраць Расеі падпаў беларускі банк БелВЭБ. Гэта шосты беларускі банк пад заходнімі санкцыямі