«Гэта пачатак расейскага ўварваньня ва Ўкраіну». Байдэн абвясьціў пра санкцыі супраць Расеі

Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў 22 лютага ў сувязі з крызісам вакол Украіны і прызнаньнем Масквой незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР», што ЗША ўводзяць першы пакет новых санкцыяў супраць Расеі.

Прэзыдэнт ЗША сказаў, што санкцыі ўзгодненыя з саюзьнікамі і партнэрамі, і паабяцаў, што ў адказ на магчымую эскаляцыю з боку Расеі адбудзецца і эскаляцыя санкцыяў.

«Гэта пачатак расейскага ўварваньня ва Ўкраіну», — сказаў Байдэн аб прызнаньні Расеяй «ДНР» і «ЛНР».

«Сёньня, у адказ на расейскае прызнаньне, што Расея ня выведзе сваіх войскаў зь Беларусі, я распарадзіўся дадаткова перакінуць амэрыканскіх вайскоўцаў і абсталяваньне, ужо разьмешчаныя ў Эўропе, каб узмацніць нашых балтыйскіх хаўрусьнікаў — Эстонію, Латвію і Літву», — заявіў прэзыдэнт ЗША.

Ён дадаў, што расейскія войскі ў Беларусі, у тым ліку самалёты і ракетныя сыстэмы, могуць быць скарыстаныя для нападу на Ўкраіну з поўначы.

У першым пакеце санкцыяў ЗША наступныя крокі:

  • Санкцыі супраць сувэрэннага доўгу Расеі. Расея ня зможа атрымаць доступу да заходняга фінансаваньня.
  • Санкцыі супраць банкаў «Внешэкономбанк» і «Промсвязьбанк».
  • Пэрсанальныя санкцыі супраць прадстаўнікоў «расейскай эліты і іх сем'яў».
  • Байдэн заявіў, што ёсьць дамова зь Нямеччынай аб тым, што газаправод «Паўночны паток – 2» ня будзе ўведзены ў дзеяньне.

Прэзыдэнт ЗША задаў рытарычнае пытаньне: «Хто, у імя Госпада, даў Пуціну, на ягоную думку, права абвяшчаць новыя так званыя „краіны“ на тэрыторыі сваіх суседзяў? Гэта грубае парушэньне міжнароднага права і вымагае рашучага адказу ад міжнароднай супольнасьці».

Байдэн паабяцаў, што Злучаныя Штаты будуць працягваць вайсковую дапамогу Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Танкі ў Данецку. Эўропа адказвае Пуціну санкцыямі. Расея рыхтуе ўдар па Ўкраіне? Што адбывалася 22 лютага