Эўразьвяз дамовіўся ўвесьці санкцыі супраць расейскіх дэпутатаў і бізнэсу

Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс усіх дэпутатаў расейскай Думы, якія прагаласавалі за незалежнасьць «ДНР» і «ЛНР», — 351 чалавека.

Пра гэта паведамляе карэспандэнт Свабоды Рыкард Юзьвяк, спасылаючыся на кіраўніка эўрапейскай дыпляматыі Жузэпа Бурэля.

Таксама прадстаўнікі ўсіх краін Эўразьвязу дамовіліся, што ў чорны сьпіс ЭЗ будуць уключаны 27 фізычных і юрыдычных асобаў, у тым ліку банкі і арганізацыі, якія фінансуюць апэрацыі Расеі на Данбасе, цытуе Бурэля агенцтва Reuters. ЭЗ дадаткова прыняў рашэньне абмежаваць доступ Расеі да фінансавага рынку і рынку капіталу ЭЗ.

Паводле Бурэля, гэты пакет санкцыяў «моцна нашкодзіць» Расеі.

Таксама Эўразьвяз папярэдзіў аб гатоўнасьці ўвесьці санкцыі супраць афіцыйных асобаў Беларусі, якія падтрымліваюць дзеяньні Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны.

«Мы таксама пільна сочым за наступным крокам Беларусі, якая падтрымлівае дзеяньні Расеі ў дачыненьні да тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Я гатовы ўнесьці прапановы па прыняцьці мераў супраць тых (афіцыйных асобаў Беларусі — рэд.), хто надае падтрымку расейскаму ўраду і здабывае з гэтага выгаду», — адзначыў Бурэль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзярждума Расеі адразу ў двух чытаньнях ратыфікавала пагадненьне пра дружбу і супрацоўніцтва з «ЛНР» і «ДНР»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пуцін падпісаў указы аб прызнаньні «незалежнасьці» так званых «ЛНР» і «ДНР» і ўводзе туды войска. Галоўнае