Каго закрануць эўрапейскія санкцыі за агрэсію супраць Украіны

Кіраўніца Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен (зьлева) і кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль. Архіўнае фота

Кіраўнікі Эўрапейскай камісіі і Эўрапейскай рады выступілі з супольнай заявай з нагоды агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Яны назвалі рашэньне Расейскай Фэдэрацыі аб прызнаньні самастойнымі суб’ектамі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны і ўвядзеньне туды расейскіх войскаў незаконным і непрымальным і анансавалі пакет санкцыяў.

Афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы вонкавых сувязяў Пэтэр Стана анансаваў сёньняшнюю нефармальную сустрэчу міністраў замежных справаў Эўразьвязу, якія маюць узгадніць першы пакет санкцыяў супраць Расеі.

«Санкцыі будуць нацэленыя:

  • на тых, хто меў дачыненьне да незаконнага рашэньня,
  • на банкі, якія фінансуюць расейскія ваенныя ды іншыя апэрацыі на гэтых тэрыторыях,
  • на магчымасьці расейскага ўраду атрымаць доступ да эўрапейскіх фінансавых рынкаў і паслугаў — каб абмежаваць фінансаваньне агрэсіўнай палітыкі,
  • на магчымасьці гандлю двух сэпаратысцкіх рэгіёнаў у межах ЭЗ».

Мэта санкцыяў — гарантаваць, што «вінаватыя ясна адчуюць наступствы сваіх незаконных і агрэсіўных дзеяньняў», — гаворыцца ў заяве.

Кіраўніцтва эўрапейскіх структураў заяўляе аб гатоўнасьці прыняць надалей дадатковыя захады, калі гэта будзе неабходным у сьвятле далейшага разьвіцьця падзеяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Танкі ў Данецку. Эўропа адказвае Пуціну санкцыямі. Расея рыхтуе ўдар па Ўкраіне? Што адбывалася 22 лютага