Украіна просіць правесьці тэрміновыя кансультацыі чальцоў Рады бясьпекі ААН

Украіна ў панядзелак, 21 лютага, заклікала правесьці тэрміновае паседжаньне Рады бясьпекі ААН для разгляду пагрозы расейскага ўварваньня. Напярэдадні на пасяджэньні Савету бясьпекі Расеі выступоўцы выказаліся за прызнаньне незалежнасьці так званых «ЛНР» і «ДНР».

«З ініцыятывы прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага я афіцыйна зьвярнуўся да дзяржаваў — чальцоў СБ ААН з просьбай неадкладна правесьці кансультацыі ў адпаведнасьці з артыкулам 6 Будапэшцкага мэмарандуму», — напісаў міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба.

Ён дадаў: Украіна чакае, што Рада бясьпекі разгледзіць «практычныя крокі для гарантаваньня бясьпекі Ўкраіны».

Расейскае агенцтва ТАСС, спасылаючыся на тры крыніцы з дэлегацыяў заходніх дзяржаваў, паведамляе, што афіцыйнага запыту на паседжаньне РБ ААН аб Украіне пакуль не паступала.

У сваім звароце да краін — чальцоў ААН Кулеба спасылаецца на гарантыі бясьпекі, якія Украіна атрымала ў абмен на адмову ад свайго ядзернага арсэналу ў 1994 годзе.

Пагадненьне, падпісанае Расеяй, ЗША і Вялікай Брытаніяй, гарантавала Ўкраіне, што яе «тэрытарыяльная цэласьць або палітычная незалежнасьць» будзе захоўвацца ў абмен на яе рашэньне перамясьціць усю ядзерную зброю на сваёй тэрыторыі ў Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як прайшло паседжаньне Савету бясьпекі Расеі аб прызнаньні незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР»

Пасьля фармальнага распаду Савецкага Саюзу ў 1991 годзе Ўкраіна атрымала ў спадчыну трэці па велічыні ядзерны арсэнал у сьваце, ад якога адмовілася праз тры гады ў абмен на гарантыі бясьпекі.