«Арудуюць» у камарынскіх лясах, зноў пабудавалі пантонны мост цераз Прыпяць. Чым у Беларусі займаюцца расейскія войскі

Расейскія вайскоўцы на вучэньнях у Беларусі.

«Саюзная рашучасьць — 2022» мела скончыцца 20 лютага вывадам расейскіх салдатаў зь беларускай тэрыторыі.

Абяцанага Ўладзімерам Макеем вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі пасьля завяршэньня вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022» пакуль не адбылося. Незразумелым застаецца і сам статус вучэньняў, якія мелі адбыцца на беларускай тэрыторыі з 10 па 20 лютага. Расейскія салдаты знаходзяцца ў Беларусі ўжо больш за месяц. Паводле зьвестак NATO, іх колькасьць сягае 30 тысяч чалавек. Беларускае Міністэрства абароны канкрэтных лічбаў не называе.

Гэта самы працяглы тэрмін знаходжаньня чужых войскаў у Беларусі ад моманту развалу Савецкага саюзу. Свабода сабрала сьведчаньні экспэртаў і відавочцаў аб дзеяньнях расейскіх салдатаў на беларускай тэрыторыі ў апошнія дні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шмат п’юць, гандлююць палівам». Што пра расейскіх жаўнераў у Беларусі расказваюць відавочцы

Паводле інфармацыі Свабоды, у выходныя 19–20 лютага расейскіх вайскоўцаў заўважылі ў ваколіцах мястэчка Камарын у Брагінскім раёне, на мяжы Беларусі, Украіны і Расеі.

«Надзвычайная актыўнасьць расейскіх вайскоўцаў у Камарыне, — паведамляе крыніца. — Што дакладна адбываецца, ніхто ня ведае. Кажуць, што камарынскае лясьніцтва „разагналі“, бо цяпер там у лясах усё кантралююць расейскія вайскоўцы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ператвараецца ў «містэра Ніхто», ня здольнага кіраваць самастойна

Удзень 21 лютага у сацыяльных сетках зьявілася інфармацыя пра салдатаў «Расгвардыі», якіх заўважылі ў ваколіцах Ельску, за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.

«У Ельскім раёне Гомельскай вобласці заўважаныя войскі „Расгвардыі“ з Чачні, — паведамляе тэлеграм-канал „МотолькоПомоги“. — На відэа можна заўважыць, што ў машын адкручаныя нумары. Акрамя таго, паведамляецца, што калёна рухалася ў бок Нароўлі. Ехалі ў бок Славечна, па дарозе заўважылі вельмі шмат асобащ, так скажам, чачэнскай нацыянальнасці з бародамі і іншым. 100% чачэнцы».

Зьвесткі аб салдатах каўкаскага выгляду ў ваколіцах Ельску і Мазыра са спасылкай на відавочцаў зьявілісія і ў іншых тэлеграм-каналах. Паведамляецца, што салдаты «Расгвардыі» перамяшчаюцца на аўтамабільных калёнах у кірунку Ўкраіны.

У Расеі насамрэч існуе падразьдзяленьне «Расгвардыі» пад назвай «Север», сфармаванае пераважна з жыхароў Чачні. Афіцыйна пра яго перавод у Беларусь не паведамлялася, хоць міністэрствы абароны абедзьвюх дзяржаваў інфармавалі пра ўдзел у вучэньнях у тым ліку байцоў «Расгвардыі».

Відэаролікі, зробленыя на дарогах у Нараўлянскім і Хвойніцкім раёнах, зьявіліся ў сацыяльнай сетцы «ТыкТок» у выходныя 19–20 лютага. На іх бачна, як прызначанымі для грамадзкага і прыватнага транспарту дарогамі перамяшчаецца вайсковая тэхніка без апазнавальных знакаў. Аўтары відэа сьцьвярджаюць, што калёны рухаюцца ў бок мяжы Беларусі з Украінай.


Зьяўляецца новая інфармацыя аб расейскіх войсках у Беларусі і ад экспэртаў. У панядзелак 21 лютага дасьледніцкая група Conflict Intelligence Team апублікавала паведамленьні аб тым, што расейскія войскі ня толькі не пакідаюць тэрыторыю Беларусі, але і актыўна працягваюць туды прыбываць. У прыватнасьці, экспэрты гавораць пра чыгуначны эшалён з дэсантнай тэхнікай, які заўважылі на дарозе з Тулы ў кірунку Беларусі.

Паводле той жа групы Conflict Intelligence Team, у суботу 19 лютага на тэрыторыі Палескага радыяцыйнага запаведніку зноў зьявіўся пантонны мост, разабраны вайскоўцамі некалькі дзён таму. Група апублікавала спасылкі на сьвежае спадарожнікавае фота аб’екту.