Саакашвілі зноў аб’явіў бестэрміновае галадаваньне

Былы прэзыдэнт Грузіі

Былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі, якому пагражае ў Грузіі да 11 гадоў пазбаўленьня волі ў пяці крымінальных справах, заявіў у панядзелак на судовым працэсе ў Тбілісі, што вырашыў зноў абвясьціць бестэрміновае галадаваньне.

Ён заявіў, што робіць гэта на знак пратэсту супраць парушэньня яго правоў, а таксама выказваючы салідарнасьць з украінскім народам, які «змагаецца за свабоду». Саакашвілі зараз грамадзянін Украіны.

Саакашвілі заявіў, што да яго ўжо некалькі месяцаў не пускаюць лекара, а таксама нэўролягаў і нэўрапатолягаў з ЗША і Эўропы, якія пажадалі асабіста прыняць удзел у лячэньні экс-прэзыдэнта. «Ад сёньня я абʼяўляю бестэрміновае галадаваньне. Гэта мая рэакцыя на тое, як рэжым абыходзіцца са мной і з нашым народам. Маё патрабаваньне — аказаньне адэкватнай мэдычнай дапамогі», — сказаў Саакашвілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саакашвілі ў судзе паскардзіўся на лячэньне, якое «падарвала яго здароўе»

Саакашвілі сьцьвярджаў, што кіроўная ў Грузіі партыя «Грузінская мара» мільярдэра Бідзіны Іванішвілі спрабуе ператварыць яго ў інваліда і нават забіць, «каб дагадзіць Пуціну».

Былы кіраўнік грузінскай дзяржавы заўважыў, што падзеі вакол Украіны, на яго думку, цалкам пацьвярджаюць ягоную рацыю ў жніўні 2008 году, падчас вайны ў Паўднёвай Асэтыі, калі, зь ягоных словаў, Грузія «толькі абаранялася, адказваючы на правакацыі Расеі і прарасейскіх сэпаратыстаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саакашвілі заявіў, што таемна сустракаўся з Лукашэнкам у Лёндане, каб той не прызнаў Абхазію

Міхэіл Саакашвілі зьвярнуўся па-ўкраінску да ўкраінскага народу, выказаўшы шкадаваньне, што ня мае магчымасьці «са зброяй у руках стаяць на лініі фронту».

Саакашвілі ўжо трымаў галадаваньне ў кастрычніку летась і спыніў яго ў сярэдзіне лістапада, калі згодна з вэрдыктам Эўрапейскага суду ў правах чалавека грузінскія ўлады мусілі перавесьці яго з турмы ў вайсковы шпіталь гораду Горы.