Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі ў судзе паскардзіўся на лячэньне, якое «падарвала яго здароўе»


Міхэіл Саакашвілі
Міхэіл Саакашвілі

Былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі заявіў у чацьвер на працэсе ў Тбіліскім гарадзкім судзе, што падчас знаходжаньня ў вайсковым шпіталі ў Горы ён не атрымаў неабходнага лячэньня.

Па словах Саакашвілі, «фактычны кіраўнік краіны», мільярдэр і экс-прэм’ер Бідзіна Іванішвілі, а таксама ўлады Грузіі ў цэлым «вырашылі яго забіць», бо лячэньне, якое ён атрымаў у горыйскім шпіталі, яшчэ больш падарвала яго здароўе. «На жаль, у Грузіі немагчыма атрымаць паўнацэннае лячэньне», — сьцьвярджае Саакашвілі.

Былы прэзыдэнт расказаў, што ў выніку заключэньня і адмовы ў лячэньні ў яго «разьвілося сурʼёзнае нэўралягічнае захворваньне», якое «немагчыма лячыць у Грузіі». Адначасова, зьвярнуўшыся на ўкраінскай мове да сваіх кіеўскіх адвакатаў, якія прысутнічалі ў зале, Саакашвілі нагадаў, што згодна з заканадаўствам Украіны, грамадзянінам якой ён зьяўляецца, Генпракуратура валодае правам «экстэрытарыяльнасьці» ў выпадку, калі ў якой-небудзь краіне грамадзянін падвергся катаваньням і бесчалавечнаму абыходжаньню.

У Грузіі Міхэіл Саакашвілі праходзіць абвінавачаным па некалькіх крымінальных справах. Цяперашні судовы разбор зьвязаны з абвінавачваньнямі ў незаконным пранікненьні ў Грузію 29 верасьня мінулага года. 1 кастрычніка ён быў затрыманы ў Тбілісі, пасьля чаго зьмешчаны ў турму ў Руставі, дзе абвясьціў галадоўку. Праз пагаршэньне стану здароўя Саакашвілі спачатку шпіталізавалі ў турэмны шпіталь у Тбілісі, а потым у ваенны шпіталь Горы. 20 лістапада ён абʼявіў аб спыненьні галадоўкі. У канцы сьнежня яго зноў перавялі ў турму Руставі.

Палітыку пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня свабоды. Экс-кіраўнік дзяржавы вярнуўся на радзіму з Украіны, схаваўшыся на пароме, у кантэйнэры з малочнай прадукцыяй.

Па дзьвюх іншых крымінальных справах, за злоснае выкарыстаньне і перавышэньне службовых паўнамоцтваў, Міхэіл Саакашвілі быў завочна прыгавораны да трох і шасьці гадоў пазбаўленьня волі.

У працэсе разгляду таксама знаходзяцца крымінальныя справы аб растраце дзяржаўных сродкаў і разгоне мітынгу апазыцыі 7 лістапада 2007 года.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG