Кіраўніца Эўракамісіі: Расея можа быць адрэзана ад сусьветных рынкаў і высокатэхналягічных тавараў

Урсула фон дэр Ляен у Мюнхэне, 19 лютага 2022

Доступ Масквы да фінансавых рынкаў і высокатэхналягічных тавараў будзе абмежаваны, згодна з новымі санкцыямі, якія Захад рыхтуе на выпадак, калі Расея нападзе на Ўкраіну, заявіла ў суботу Урсула фон дэр Ляен, старшыня Эўрапейскай камісіі.

Камэнтар фон дэр Ляен прагучаў на фоне ўзмацненьня напружанасьці вакол Украіны. У пятніцу прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што перакананы ў тым, што прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін вырашыў уварвацца ў суседнюю краіну.

«Небясьпечнае мысьленьне Крамля, якое сыходзіць каранямі ў цёмнае мінулае, можа каштаваць Расеі росквіту ў будучыні», — заявіла фон дэр Ляйен на штогадовай Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы.

Фон дэр Ляен адзначыла, што вышэйшы орган выканаўчай улады ЭЗ сумесна з ЗША, Вялікабрытаніяй і Канадай распрацаваў «надзейны і ўсеабдымны пакет» магчымых фінансавых санкцый супраць Расеі.

«У выпадку, калі Расея нанясе ўдар, мы абмяжуем доступ расейскай эканомікі да фінансавых рынкаў і (усталюем) экспартны кантроль, што пазбавіць Расею магчымасьці мадэрнізаваць і дывэрсыфікаваць сваю эканоміку, — дадала фон дэр Ляен. — І ў нас ёсьць вялікая колькасьць высокатэхналягічных тавараў, у вытворчасьці якіх мы лідзіруем на сусьветным рынку і якія абсалютна неабходныя Расеі і не могуць быць лёгка замешчаныя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Віцэ-прэзыдэнт ЗША: NATO ўмацуе саюзьнікаў «на ўсходнім флянгу» ў выпадку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну

Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Барыс Джонсан заявіў, што цесна каардынуе свае санкцыі з Эўразьвязам. «Калі Расея ўварвецца ў суседнюю краіну, мы ўвядзем санкцыі ў дачыненьні да расейскіх фізычных асоб і кампаній, якія маюць стратэгічнае значэньне для расейскай дзяржавы, і пазбавім іх магчымасьці прыцягваць сродкі на фінансавых рынках Лёндана», — заявіў ён у Мюнхэне. Джонсан дадаў, што брытанскія ўлады будуць шукаць «канчатковых бэнэфіцыяраў» расейскіх кампаній і арганізацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскі крызіс: што адбывалася 19 лютага. Галоўнае

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэм’ер Вялікай Брытаніі: NATO гарантуе адсутнасьць пагрозы для Расеі

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.