На Данбасе пад абстрэл трапілі кіраўнік МУС Украіны, журналісты і дэпутаты

Украінскія вайскоўцы падчас вучэньняў у Данецкай вобласьці. Архіўнае фота

Сёньня ў другой палове дня артылерыяй прарасейскіх сэпаратыстаў абстраляла Новалуганск у Данецкай вобласьці, калі там знаходзіўся міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі разам з групай міжнародных журналістаў.

Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода Мар’ян Кушнір, сэпаратысты спачатку стралялі з мінамётаў, потым пачаліся гарматныя абстрэлы, і снарады ўпалі за 300 мэтраў ад месца, дзе знаходзіліся міністар і журналісты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэм’ер Вялікай Брытаніі: NATO гарантуе адсутнасьць пагрозы для Расеі

Прэс-сакратар фракцыі «Слуга народа» ў Вярхоўнай Радзе Юлія Палійчук таксама паведаміла, што дэпутаты і прадстаўнікі замежных СМІ, якія прыбылі ў зону разьмежаваньня ўкраінскіх і сэпаратысцкіх сіл, трапілі пад абстрэл і былі эвакуяваныя. Адкуль адбыўся абстрэл, яна не ўдакладніла.

Лідэр фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія, які быў сярод дэпутатаў, запісаў відэа, на якім паведаміў, што ў момант абстрэлу група «хавалася ў зямлянцы» каля пазыцый украінскіх сіл у Новалуганску. У выніку абстрэлу не пацярпелі ні парламэнтарыі, ні журналісты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Віцэ-прэзыдэнт ЗША: NATO ўмацуе саюзьнікаў «на ўсходнім флянгу» ў выпадку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну

За апошнія некалькі дзён сытуацыя зь бясьпекай на ўсходзе Ўкраіны значна пагоршылася.

Кіраўнікі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» заявілі аб эвакуацыі сваіх жыхароў у Расею ў другой палове дня 18 лютага. Яны зьвязваюць гэта з ростам напружанасьці ў рэгіёне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Канцлер Нямеччыны: магчымы напад Расеі на Ўкраіну быў бы «сур’ёзнай памылкай»

Украіна падкрэсьлівае, што ніякіх наступальных апэрацый на Данбасе не плянуецца і папярэджвае аб расейскіх правакацыях.