Прэм’ер Вялікай Брытаніі: NATO гарантуе адсутнасьць пагрозы для Расеі

Борыс Джонсан падчас візыту ва Ўкраіну, 1 лютага 2022

NATO гатовае даць гарантыі прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну, што альянс не ўяўляе для Расеі пагрозы. Аб гэтым на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы заявіў прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан.

Паводле Джонсана, у Крамля памылковае ўяўленьне аб NATO як аб пагрозьлівым саюзе. NATO — мірны і абарончы альянс, падкрэсьліў брытанскі прэмʼер, адзначыўшы, што верагодны напад Расеі на Ўкраіну будзе шокам для ўсяго сьвету. Джонсан таксама сказаў, што ў выпадку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Вялікая Брытанія гатовая разам з ЗША і ЭЗ увесьці жорсткія санкцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Віцэ-прэзыдэнт ЗША: NATO ўмацуе саюзьнікаў «на ўсходнім флянгу» ў выпадку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну

Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы праходзіць на фоне абвастрэньня сытуацыі вакол Украіны. Масква ўпершыню з 1999 году ў канфэрэнцыі ня ўдзельнічае. Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што канфэрэнцыя «ператвараецца ў клюб аднаго пункту гледжаньня» і страчвае абʼектыўнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Канцлер Нямеччыны: магчымы напад Расеі на Ўкраіну быў бы «сур’ёзнай памылкай»