У Луганскай вобласьці пад абстрэлы баевікоў трапіў гуманітарны канвой. «ДНР» і «ЛНР» абвясьцілі пра эвакуацыю людзей ў Расею

Так званыя кіраўнікі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» 18 лютага заклікалі жыхароў як найхутчэй эвакуавацца ў Расею, матывуючы гэта «ўзрастаньнем пагрозы нападу з боку Украіны».

18 лютага каля 12:00 на КПП «Шчасьце» ў Луганскай вобласьці пад абстрэл прарасейскіх баевікоў трапіла калёна з гуманітарнай дапамогай Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў, паведаміў у Фэйсбуку галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны.

Абстрэл вёўся з буйнакалібэрнага кулямёта (каля 50 стрэлаў), мінамёта 82 мм (3 стрэлы), гранатамёта АГС-17 (10 стрэлаў) з населенага пункту Вясёлая Гара. Людзей эвакуавалі ў сховішча. Пацярпелых сярод мірнага насельніцтва і Аб’яднаных сіл няма, паведаміў Залужны. Ён назваў здарэньне «чарговым грубым парушэньнем расейскімі акупацыйнымі войскамі міжнароднага гуманітарнага права і Менскіх пагадненьняў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Данбасе абвастрэньне: снарады прарасейскіх баевікоў трапілі ў дзіцячы садок і школу. ФОТА

Украінская Дзяржаўная служба па надзвычайных сытуацыях паведамляе, што ў выніку абстрэлу прыкладна ў той жа час «невядомымі» з напрамку часова падкантрольнай незаконным узброеным фармаваньням тэрыторыі быў пашкоджаны фасад будынку дзяржаўнай пажарна-ратавальнай часткі ў Шчасьці.

«Інфармацыі аб ахвярах сярод мірнага насельніцтва няма. Таксама ў вёсцы Арцёма снарад трапіў непасрэдна ў жылы дом. Пацярпелых няма. На месцы здарэньня працуюць ратавальнікі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Як паведамілі ў штабе Абʼяднаных сіл Украіны, па стане на 14.00 18 лютага ўжо зафіксавана 45 парушэньняў рэжыму спыненьня агню на Данбасе, 34 зь якіх — з ужываньнем зброі, забароненай менскімі пагадненьнямі. Страт ва Ўзброеных сілах Украіны няма. Моцныя абстрэлы, нягледзячы на спыненьне агню, пачаліся ўчора раніцай.

18 лютага так званы кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін заявіў, што ад сёньняшняга дня пачынаецца масавы выезд насельніцтва «ДНР» у Расею, патлумачыўшы гэта «ўзрастаньнем пагрозы нападу з боку Ўкраіны». Паводле Пушыліна, «згодна з дамоўленасьцю з кіраўніцтвам Расейскай Фэдэрацыі» грамадзянам прапанавана эвакуавацца ў Растоўскую вобласьць, дзе для іх гатовыя месцы прыёму і разьмяшчэньня. У першую чаргу зьехаць прапануюць жанчынам, дзецям і людзям пажылога ўзросту.

Інтэрфакс і мясцовыя жыхары паведамляюць, што ў Данецку запрацавала сырэна грамадзянскай абароны.

Так званы кіраўнік самаабвешчанай «ЛНР» Леанід Пасечнік таксама заклікаў жыхароў у найкарацейшыя тэрміны выехаць на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі «ў сувязі з эскаляцыяй напружанасьці».

Кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітры Кулеба заявіў на гэта, што Ўкраіна «катэгарычна абвяргае паведамленьні расейскай прапаганды пра нібыта наступальныя апэрацыі Ўкраіны ці нейкія дывэрсіі ў хімічнай прамысловасьці».

«Украіна не праводзіць і не плянуе такіх дзеяньняў на Данбасе. Мы цалкам адданыя выключна дыпляматычнаму ўрэгуляваньню», — напісаў Кулеба ў Твітэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прарасейскія баевікі другі дзень запар працягваюць абстрэлы на Данбасе. МАПА

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.