Штаб апэрацыі Аб’яднаных сіл Украіны заявіў аб моцным артылерыйскім абстрэле падкантрольнага ўкраінскім уладам паселішча Станіца Луганская (Луганская вобласьць) з боку незаконных узброеных фармаваньняў. Агулам па ўсёй мяжы звыш 29 парушэньняў рэжыму цішыні з боку Расеі і прарасейскіх фармаваньняў.
«У выніку прымяненьня тэрарыстамі цяжкага артылерыйскага ўзбраеньня снарады трапілі ў будынак дзіцячага садка. Паводле папярэдняй інфармацыі, двое цывільных грамадзян атрымалі кантузію. Пашкодзілі і камунальную інфраструктуру — палова населенага пункту засталася без электрычнасьці. Вайскоўцы апэрацыі Аб’яднаных сіл апэратыўна эвакуавалі мірных жыхароў ва ўкрыцьці», — паведамілі ў штабе.
Адначасова прарасейскія баевікі па некалькі разоў адкрывалі агонь па ваколіцах паселішчаў Новаташкаўскага, Вадзянога, Старагнатаўкі, Старога Айдару, Мар’інкі і яшчэ 19 паселішчаў Данецкай і Луганскай абласьцей. Паводле апошняй інфармацыі, у выніку абстрэлаў паранены адзін вайскоўвец і дзьве цывільныя асобы.
«Па стане на 11 гадзін гэтага дня расейскія акупацыйныя войскі зафіксавалі 29 парушэньняў рэжыму спыненьня агню, 27 з якіх — забароненая менскімі пагадненьнямі зброя», — піша штаб ААС.
Пасьля абстрэлу вёскі Врубіўка Луганскай вобласьці
Гэта першы моцны артылерыйскі абстрэл на ўсходзе Ўкраіны пасьля масавых паведамленьняў заходніх СМІ і выведак замежных краін аб магчымым наступе расейскіх войскаў на Ўкраіну.
Пасьля абстрэлу школы ў вёсцы Врубіўка
Дагэтуль Штаб апэрацыі Аб’яднаных сіл штодзённа паведамляў аб парушэньнях незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі менскіх дамоўленасьцяў з выкарыстаньнем забароненага ўзбраеньня. Кожны дзень штаб фіксаваў ад 3 да 5 такіх абстрэлаў.
Апошнія тры дні незаконныя ўзброеныя фармаваньні так званых «ЛДНР», якія падтрымліваюцца Расеяй, сыстэматычна абстрэльвалі ваколіцы Станіцы Луганскай. У той жа час стратаў сярод украінскіх вайскоўцаў і цывільнага насельніцтва за апошнія тры дні не фіксавалі. Пазьней штаб апэрацыі Аб’яднаных сіл (ААС) удакладніў, што Станіцу Луганскую абстрэльвалі зь цяжкага артылерыйскага ўзбраеньня калібру 122 мм. На населены пункт выпусьцілі 32 снарады.
Як паведамляюць украінскія СМІ зь месца падзеяў, адначасова з абстрэлам Станіцы Луганскай адбываюцца ўзброеныя правакацыі ў ваколіцах гораду Горлаўка, што ў Данецкай вобласьці. З 2014 году Горлаўка акупаваная прарасейскімі баевікамі.