МЗС: ніводнага вайскоўца Расеі, ніводнай адзінкі тэхнікі не застанецца ў Беларусі пасьля манэўраў. Лукашэнка казаў іначай

Уладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску адказаў на пытаньне, калі выведуць расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі.

«Што датычыцца сёлетніх беларуска-расейскіх вучэньняў у рамках саюзнай дзяржавы. Яны зьяўляюцца плянавымі і дазваляюць праверыць боегатоўнасьць сіл і сродкаў. Тое, што гэта адбываецца на тэрыторыі Беларусі, гэта абгрунтавана, бо мы бачым, якую актыўнасьць праяўляе NATO на нашых заходніх межах. Гэта адказ на дзеяньні, якія робяцца нашымі заходнімі партнэрамі.

Ніводнай адзінкі баявой тэхнікі не застанецца пасьля гэтых вучэньняў. Аб гэтым заявіў беларускі бок падчас мерапрыемстваў у рамках АБСЭ. Што ж тычыцца задзейнічаных вайскоўцаў, то колькасьць іх не перавышае парамэтраў адпаведнага Венскага дакумэнту, аб гэтым таксама гаварылася на брыфінгах Міністэрства абароны. Ніводнага палажэньня міжнародных дамоўленасьцяў мы не парушылі і не парушым», — сказаў Макей.

На пытаньне журналіста, колькі расейскіх вайскоўцаў цяпер знаходзіцца ў Беларусі, ён не адказаў.

Лукашэнка ў панядзелак 14 лютага заявіў, што плянуе «найбліжэйшым часам» сустрэцца з расейскім калегам Пуціным і на гэтай сустрэчы яны прымуць рашэньне аб тым, «калі, у якія тэрміны, паводле якога графіку» выводзіць Узброеныя сілы РФ зь Беларусі.

«Выведзем тады, калі вырашым з прэзыдэнтам Расеі гэта зрабіць і калі скончацца тут вучэньні. Гэта мы будзем прымаць рашэньне: гэта наша тэрыторыя», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў словы Лукашэнкі пра сустрэчу з Пуціным:

«Ня будзем забягаць наперад, давайце дачакаемся сустрэчы. Спадзяёмся, што два прэзыдэнты таксама зробяць заявы па выніках перагавораў».

Наконт нядаўняга тэлефанаваньня міністра абароны Ўкраіны міністру абароны Беларусі Ўладзімер Макей 16 лютага паведаміў:

«Гэта была ініцыятыва Кіева. Беларускі бок заўсёды заяўляў аб тым, што мы адкрытыя для дыялёгу, што мы гатовыя весьці дыялёг аб усіх адчувальных пытаньнях, тым больш такіх, я маю на ўвазе тую сытуацыю, калі спрабуюць уявіць ледзь не агрэсію з тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Ўкраіны. Мне вядома пра ход гэтай тэлефоннай размовы. Многае ўдалося растлумачыць для абодвух бакоў. Ніхто не зьбіраецца нападаць з нашага боку. Сам факт гэтай размовы зьнізіў градус напружанасьці наконт таго, што адбываецца на мяжы».

«Я ня думаю, што камусьці выгадныя любыя дзеяньні, якія прывядуць да гарачай фазы вайны. Магчыма, гэта выгадна тым, хто знаходзіцца далёка адсюль. Адгэтуль нагнятаньне гістэрыі тымі, хто знаходзіцца за акіянам. Тут жа вайна нікому не выгадная. Кіраўніцтва Беларусі і асабіста Лукашэнка заўсёды выступалі супраць якіх-небудзь дзеяньняў, якія б прывялі да стварэньня напружаных адносін з суседзямі ці іншымі дзяржавамі. Мы ніколі не казалі, што хочам ваяваць, мы заўсёды казалі, што хочам гандляваць», — заявіў Макей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Макей адказаў, чаму на рэфэрэндум не запрасілі місіі АБСЭ

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.