На вучэньнях у Беларусі 15 лютага шырока выкарыстоўваецца расейская авіяцыя, на мяжы з Украінай — пускі ракет

Беларуска-расейскія вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022», 10 лютага 2022 году

Актыўныя практычныя дзеяньні ў рамках вучэньняў «Саюзная рашучасьць – 2022» 15 лютага праводзяцца на чатырох палігонах і сама меней дзевяці ўчастках мясцовасьці на тэрыторыі Беларусі, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны.
  • На Ружанскім і Обуз-Лясноўскім палігонах (Берасьцейская вобласьць) і Асіповіцкім палігоне (Магілёўская) штурмавая авіяцыя Паветрана-касьмічных сіл Узброеных сіл Расеі «адпрацоўвае пытаньні авіяцыйнай падтрымкі абароненых войскаў з прымяненьнем авіяцыйных сродкаў паражэньня».
  • Частка сіл і сродкаў авіяцыйнай групоўкі перабазуюцца на Лідзкі аэрадром (Горадзенская вобласьць).
  • На ўчастку мясцовасьці «Палескі» ў Гомельскай вобласьці, недалёка ад мяжы з Украінай, праводзяцца пускі ракет тактычнымі ракетнымі комплексамі «Точка». «Ракетныя падразьдзяленьні Ўзброеных сіл Расеі перамяшчаюцца ў вызначаны раён», — напісалі ў Міністэрстве абароны.
  • На Гожаскім палігоне (Горадзенская вобласьць) падразьдзяленьні мэханізаванай брыгады УС Беларусі «адпрацоўваюць пытаньні выхаду на рубяжы блякаваньня і вядзеньня абарончага бою».
  • На Берасьцейчскім палігоне падраздзяленьні мотастралковай брыгады з Расеі практыкуюцца ў зьнішчэньні незаконнага ўзброенага фарміраваньня.
  • На ўчастку мясцовасьці ў Баранавіцкім раёне падразьдзяленьні мэханізаванай брыгады зь Беларусі і марской пяхоты Расеі «пры падтрымцы авіяцыі вядуць навучальныя баявыя дзеяньні на рубяжах манэўранай абароны».
  • На ўчастку мясцовасьці ў Лунінецкім раёне зэнітныя ракетныя падразьдзяленьні Расеі трэніруюцца ў супрацьпаветраным прыкрыцьці войскаў, а таксама нясуць баявое дзяжурства па СПА.
  • На ўчастку мясцовасьці ў Гомельскім раёне падразьдзяленьні сіл спэцапэрацый Беларусі практыкуюцца ў ахове аб’ектаў, блякаваньні і зьнішчэньні дыверсійна-разведвальных груп.
  • Адзначаецца, што на ўчастках мясцовасьці «Марʼіна Горка» ў Пухавіцкім раёне (Менская вобласьць), Асіповіцкім раёне (Магілёўская), Пінскім раёне (Берасьцейская), Мазырскім і Рэчыцкім раёнах (Гомельская вобласьць) беларускія і расейскія войскі працягваюць выконваць «навучальна-баявыя» задачы ў рамках вучэньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейска-беларускія вучэньні ў першы дзень прайшлі на 12 мясцовасьцях у Беларусі

Вучэньні «Саюзная рашучасьць – 2022» праходзяць з 10 па 20 лютага. Зь сярэдзіны студзеня Расея актыўна перакідвала ў Беларусь войска і вайсковую тэхніку.

У ЗША і краінах ЭЗ асьцерагаюцца, што нейкая частка расейскіх войскаў застанецца ў Беларусі. Прадстаўнікі беларускіх і расейскіх уладаў сьцьвярджаюць, што пасьля вучэньняў усе войскі вернуцца ў месцы сталай дыслякацыі.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША таксама выказаў асьцярогу, што Расія можа выкарыстоўваць войскі, якія разьмяшчаюцца ў Беларусі, для нападу на Ўкраіну з поўначы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзяждэпартамэнт ЗША папярэдзіў Макея пра санкцыі ў выпадку ўдзелу Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны

Афіцыйны прадстаўнік ведамства Нэд Прайс заявіў, што беларускія ўлады папярэджаныя аб наступствах, калі Менск нейкім чынам будзе датычны да расейскай агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны. Памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Карэн Данфрыд паўтарыла папярэджаньне 3 лютага ў тэлефоннай размове з міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімірам Макеем.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.