«Вельмі шмат расейскіх вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі. Мы гэта бачым на моры, а таксама з боку Малдовы, і вучэньні на тэрыторыі Беларусі. Калі на гэта глядзець у комплексе, ёсьць выклік дээскаляцыі гэтай сытуацыі. Трэба забясьпечыць, каб войскі выводзілі зь Беларусі, адводзілі ад межаў, каб не адбылася вайна ва Ўкраіне. Гэта тая задача, якую цяпер мы маем», — заявіў Олаф Шольц на супольным з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім брыфінгу 14 лютага ў Кіеве.
Канцлер Нямеччыны таксама падкрэсьліў, што сяброўства Ўкраіны ў NATO цяпер неактуальнае. «Таму крыху дзіўна, што расейскі ўрад зрабіў гэта прадметам вялікіх палітычных дыскусій. Гэта пытаньне, якое не стаіць на парадку дня. І, вядома ж, прынцып вольнага выбару альянсу ня можа быць прадметам дыскусій. Гаворка не ідзе пра нейкія сфэры ўплыву, калі адна дзяржава можа загадаць іншай, дзе ім быць ці ня быць. Задача цяпер, каб адбылася дээскаляцыя», — патлумачыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіраўніца МЗС Нямеччыны: Эўропа ў небясьпецы, утрымаць Расею спрабуюць па ўсіх каналахОлаф Шольц таксама паведаміў, што ў Расеі, якую ён наведае адразу пасьля Ўкраіны, ён падкрэсьліць палітычныя і эканамічныя наступствы для Расеі ў выпадку агрэсіі супраць Украіны. «Мы занепакоеныя сытуацыяй на ўкраінска-расейскай мяжы. Вайсковыя актыўнасьці Расеі для нас неабгрунтаваныя, няма лягічных прычын для нарошчваньня вайсковага патэнцыялу. Гарантыі бясьпекі былі цэнтральнай тэмай нашых перамоў», — дадаў канцлер Нямеччыны.
У сваю чаргу, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі яшчэ раз пацьвердзіў жаданьне Ўкраіны інтэгравацца ў NATO. «Ад нас няма сыгналу, што сяброўства ў NATO не зьяўляецца нашай мэтай. Гэта ж ня першы сыгнал, што гэтае пытаньне неактуальнае. Гэта ж ідзе ня з нашага боку, а з боку лідэраў іншых дзяржаў», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Адрэагуем хутка і рашуча на любую далейшую расейскую агрэсію супраць Украіны». Прэзыдэнты ЗША і Ўкраіны правялі тэлефонныя перамовыАпроч таго, Уладзімір Зяленскі заявіў, што «ня мае інфармацыі аб санкцыях, якія будуць уведзеныя супраць Расеі ў выпадку эскаляцыі», нягледзячы на тое, што запытваў аб гэтым замежных палітычных лідэраў.
Па выніках сустрэчы Олаф Шольц таксама паведаміў, што ўрад Нямеччыны выдзеліць Украіне 150 мільёнаў эўра незьвязанага фінансавага крэдыту на дадатак да макрафінансавай дапамогі Эўразьвязу.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.