— Ваенная пагроза ёсьць ня толькі з боку Расеі, але і з боку Беларусі: ці то з боку беларускай арміі, ці то з боку расейскай арміі, якая знаходзіцца ў Беларусі. У нядаўнім інтэрвію расейскаму дзяржаўнаму тэлебачаньню Аляксандар Лукашэнка сказаў: «Літва можа дачакацца! Кропка! Дарэмна яны гэта задумалі!» Вы чакаеце правакацый з боку Беларусі?
— У нас было шмат правакацый з боку Беларусі. Пачнём з самалёта Ryanair, які быў вымушаны прызямліцца ў траўні 2021 году з прычыны ілжывага паведамленьня аб бомбе. Мы ўсе з самага пачатку ведалі, што гэта абсалютная хлусьня і што ён проста хацеў выцягнуць Рамана Пратасевіча з самалёта. Але ў гэтым самалёце было больш за сотню грамадзян Эўразьвязу, і гэта была вялікая рызыка для іх жыцьця, насамрэч гэта было выкраданьне чалавека.
Пасьля ў нас быў крызіс нелегальнай міграцыі, які, магчыма, цяпер крыху стабілізаваўся, але ў сярэдзіне лета або на пачатку лістапада сытуацыя была вельмі гарачая. І насамрэч гэта спадар Лукашэнка абвясьціў, што «затопіць» Эўразьвяз мігрантамі, і гэта ён насамрэч зрабіў, бо арганізаваў цэлую схему прыезду людзей у Менск, а потым да нашых межаў і межаў з Польшчай ці Латвіяй. Таму ў нас было шмат правакацый з боку спадара Лукашэнкі. І таму, калі мяне просяць пракамэнтаваць яго далейшыя выказваньні пра што-небудзь, я проста кажу, што, разумееце, нічога нельга выключаць і з такім суседам трэба быць гатовым да ўсяго.
— Ёсьць пытаньні пра «быць гатовым» ад падпісчыцы Радыё Свабода. «Сабрына Адзінагласава» пытаецца, ці гатовыя літоўскія межы да такіх правакацый?
— Мы жывём пад гэтай гібрыднай пагрозай з сярэдзіны 2021 году, таму Лукашэнка навучыў нас і нашы ўстановы, і яны цяпер выдатна супрацоўнічаюць, хутка рэагуюць, прадухіляюць нелегальную міграцыю.
Мы таксама будуем фізычны бар’ер для лепшай бясьпекі нашых межаў і ўсходніх межаў Шэнгенскай зоны, інвэстуючы ў сыстэмы назіраньня, камэры і ІТ-рашэньні. Таму мы шмат зрабілі, але, ведаеце, з такім чалавекам, як спадар Лукашэнка, як я ўжо казала, можна чакаць чаго заўгодна.
— У інтэрвію The Guardian вы сказалі, што ніхто ў Эўропе не ўспрымае Лукашэнку як законнага прэзыдэнта, і гэта зрабіла яго вельмі залежным ад Расеі. Як вы думаеце, што будзе зь Беларусьсю і беларусамі? І ці зможа Расея ўтрымаць Беларусь?
— Ну, гэта тое, што яны спрабуюць зрабіць. У вайсковай сфэры, я б сказала, дастаткова моцны саюз існаваў ужо і да 2020 году. Я маю на ўвазе тое, што беларускае войска было часткай гэтай больш маштабнай дактрыны, у іх была агульная дактрына. Калі людзі кажуць пра незалежнасьць Лукашэнкі, я ня думаю, што яны шчырыя. Таму што ў Лукашэнкі добра атрымлівалася, калі ён спрабаваў «даіць дзьве каровы адразу» — то Эўразьвяз, то Расею. У залежнасьці ад таго, з кім сварыўся, паварочваўся на другі бок. Але тым, што ён зрабіў пасьля фальсыфікаваных выбараў 2020 году, ён не пакінуў выбару заходняму сьвету, і таму сам застаўся бяз выбару і зрабіў усю сваю краіну, усё насельніцтва закладнікамі свайго жаданьня захапіць уладу і сядзець у крэсьле, пакуль ён будзе фізычна на гэта здольны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Парадак вываду расейскіх войскаў зь Беларусі «знаходзіцца ў стадыі ўзгадненьня». Улады адказалі на запыт Латвіі, Літвы і ЭстонііТаму мне вельмі шкада людзей Беларусі, мяне вельмі хвалюе тое, што адбываецца, таму што было шмат людзей, якія ўцяклі з краіны і яшчэ ўцякаюць. І многія зь іх знаходзяць свой дом у Літве ці Польшчы, і я ведаю, што яны хочуць вярнуцца на радзіму, калі яна стане іншай, чым цяпер. Аднак, на жаль, пакуль ён не зрабіў ніякіх крокаў для вырашэньня гэтай сытуацыі, напрыклад, для вызваленьня палітвязьняў або нейкай дамоўленасьці аб новых выбарах, а вырашыў толькі ісьці глыбей у абдымкі Крамля. Так што тое, што ён робіць цяпер, — гэта амаль сто працэнтаў на балянсе Крамля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Літва даставіла ва Ўкраіну зэнітна-ракетныя комплексы StingerПагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.