Лаўроў і Блінкен абмеркавалі сытуацыю вакол Украіны
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і кіраўнік МЗС Раскі Сяргей Лаўроў
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і кіраўнік МЗС Раскі Сяргей Лаўроў 12 лютага правялі тэлефонныя перамовы. Паводле МЗС Расеі, званок адбыўся з ініцыятывы амэрыканскага боку.
Блінкен сказаў Лаўрову аб неабходнасьці дыпляматычнага ўрэгуляваньня канфлікту, але для гэтага Масква павінна пайсьці на дээскаляцыю абстаноўкі і вярнуцца да добрасумленнага абмеркаваньня неабходных пытаньняў. Дзяржсакратар ЗША падкрэсьліў, што працяг агрэсіі ў дачыненьні да Кіева з боку Крамля прывядзе да рашучага адказу з боку ЗША і саюзьнікаў, гаворыцца ў паведамленьні Дзярждэпартамэнту ЗША.
МЗС Расеі паведамляе, што Лаўроў падчас размовы заявіў, што «разгорнутая ЗША і іх саюзьнікамі прапагандысцкая кампанія аб «расейскай агрэсіі» супраць Украіны мае правакацыйныя мэты, заахвочваючы ўлады ў Кіеве да сабатажу менскіх пагадненьняў і згубных спробаў сілавога вырашэньня «праблемы Данбасу».
Таксама Лаўроў сказаў, што Вашынгтон і Брусэль праігнаравалі ключавыя патрабаваньні бясьпекі, якія раней выстаўляла Расея.
Паводле МЗС расеі, кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў закранулі таксама некаторыя актуальныя пытаньні двухбаковых адносінаў.
Незадоўга да званка Блінкен заявіў, што ЗША па-ранейшаму назіраюць эскаляцыю канфлікту з боку Крамля на мяжы Расеі і Ўкраіны. Дзяржсакратар зьвярнуў увагу на прыбыцьцё ў рэгіён новых расейскіх вайскоўцаў.
Расея тым часам 12 лютага пачала паблізу ад узьбярэжжа анэксаванага Крыму вайсковыя вучэньні Чарнаморскага флёту. У іх задзейнічаныя тры дзясяткі караблёў. Заяўленая мэта манэўраў – адпрацоўка абароны ўзьбярэжжа Крыму ад магчымых ваенных пагрозаў. Адначасова з вучэньнямі ў Крыме праходзяць сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Саюзная рашучасьць – 2022».
Сёньня ўвечары па расейскім часе (раніцай па амэрыканскім) таксама мае адбыцца тэлефонная размова паміж прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам і прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.