Канцлер Нямеччыны Шольц папярэдзіў Расею аб наступствах уварваньня ва Ўкраіну

Канцлер ФРГ Оляф Шольц

Кіраўнік ураду Нямеччыны абмеркаваў сытуацыю, якая складваецца ў рэгіёне, зь лідэрамі трох дзяржаў Балтыі.

Канцлер ФРГ Оляф Шольц у чацьвер папярэдзіў Расею аб «сур’ёзных» эканамічных і палітычных наступствах, калі яна ўзмоцніць ваенную агрэсію супраць Украіны, дадаўшы, што Нямеччына і яе саюзьнікі гатовыя да дыялёгу з Масквой і хочуць міру.

У той час як Расея праводзіць вайсковыя вучэньні ў Беларусі і на Чорным моры, супрацьстаяньне выклікае ўсё большую асьцярогу вайны ў Эўропе, што прывядзе да рэзкага росту цэн на энерганосьбіты на ўсім кантынэнце, які залежыць ад паставак расейскага газу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што абмеркавалі старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША і кіраўнік Генштабу беларускага войска

«На карту зараз пастаўлена ня што іншае, як прадухіленьне вайны ў Эўропе. Мы хочам міру», — сказаў Шольц на прэс-канфэрэнцыі, якая адбылася пасьля ягонай сустрэчы з лідэрамі балтыйскіх дзяржаў у Бэрліне. Канцлер заклікаў Расею да дээскаляцыі сытуацыі.

«Далейшая ваенная агрэсія Расеі супраць Украіны будзе мець вельмі сурʼёзныя палітычныя, эканамічныя і стратэгічныя наступствы для Расеі, — сказаў ён. — У той жа час мы гатовыя да сурʼёзных перамоваў з Расеяй, да дыялёгу ў пытаньнях эўрапейскай бясьпекі».

Крэмль абвяргае абвінавачаньні ЗША і іх саюзьнікаў у тым, што Расея плянуе ўварваньне ў суседнюю краіну.

Шольц сустрэўся з прэмʼер-міністрам Эстоніі Каяй Калас, прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам і прэмʼер-міністрам Латвіі Крышʼянісам Карыньшам, лідэрамі краін Балтыі, якія хочуць, каб Нямеччына адгульвала больш важную ролю ў дзеяньнях альянсу па ўмацаваньні абароны суседніх з Расеяй дзяржаў.

Лідэры абмеркавалі «рэальную дапамогу Ўкраіне», у тым ліку эканамічную, фінансавую, а таксама «маральную» падтрымку, сказаў Наўседа ў відэазвароце пасьля сустрэчы.

«Шольц добра разьбіраецца ў сытуацыі, сурʼёзна ставіцца да пагроз, якія ўзьнікаюць на мяжы з Украінай, і несумненна бачыць, як яны зьвязаны з бясьпекай Балтыйскага рэгіёну», — сказаў прэзыдэнт Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейска-беларускія вучэньні ў першы дзень прайшлі на 12 мясцовасьцях у Беларусі

Перад сустрэчай прэмʼер-міністар Латвіі Карыньш заклікаў Нямеччыну ўзяць на сябе «вядучую ролю, каб узначаліць Эўрапейскі зьвяз і NATO ў гэтыя цяжкія часы».

«Мы сканцэнтраваны на падтрымцы Ўкраіны, — сказала Кая Калас, кіраўніца ўраду Эстоніі. — Дээскаляцыя не можа адбывацца пад руляй пісталета і за кошт Украіны».

Шольц знаходзіцца пад ціскам Злучаных Штатаў, якія патрабуюць закрыцьця толькі што пабудаванага трубаправоду для дастаўкі расейскага газу ў Нямеччыну ў выпадку расейскага вайсковага ўварваньня ва Ўкраіну.

Шольц не згадаў праект газаправода «Паўночны паток – 2» у кантэксьце наступстваў, зь якімі, паводле яго, сутыкнецца Расея. Раней ён сказаў, што разглядаюцца ўсе магчымыя варыянты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз заклікаў Расею згарнуць нарошчваньне вайсковых сіл у Беларусі

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.