Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў, што зьвернецца да ўладаў ЗША з просьбай разьмясьціць на тэрыторыі краіны амэрыканскія войскі на сталай аснове, піша Reuters.
«Вядома, мы будзем весьці перамовы з ЗША аб тым, каб ратацыйныя сілы амэрыканскіх вайскоўцаў знаходзіліся ў Літве ўвесь час», — сказаў Наўседа. На ягоную думку, такі крок з боку NATO найлепшым чынам паслужыць палітыцы стрымліваньня і дапаможа ўзмацненьню бясьпекі ня толькі ў Літве, але і ва ўсім рэгіёне.
Раней у лютым Гітанас Наўседа казаў, што вядзе зь Нямеччынай і ЗША перамовы аб павелічэньні замежнага вайсковага кантынгенту ў Літве — на тле разьмяшчэньня 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў на мяжы з Украінай, у тым ліку ў Беларусі. Наўседа казаў, што праз гэта Літва сутыкнулася з самай небясьпечнай сытуацыяй з моманту аднаўленьня незалежнасьці ў 1990–1991 гадах.
- Ратацыя вайскоўцаў ЗША ў краінах Балтыі праводзілася з 2014 па 2017 год у адказ на дзеяньні Расеі ва Ўкраіне. Пасьля таго, як у Літве, Латвіі, Эстоніі і Польшчы стварылі па міжнародным батальёне NATO, амэрыканскія падразьдзяленьні часова вывелі з краін Балтыі. Але ад 2019 году ЗША ізноў сталі разьмяшчаць у Літве ратацыйныя баявыя групы колькасьцю каля 500 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто і колькі страціць ад транзытнай вайны Беларусі і Літвы