Напярэдадні беларуска-расейскіх вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022» павышана ступень боегатоўнасьці Ўзброеных сіл Літвы, заявіў у інтэрвію інфармагенцтву BNS камандуючы імі Вальдэмарас Рупшыс. Паводле яго слоў, сілы «засяроджаны ў адпаведных месцах», час іх рэагаваньня «скарочаны, каб мець магчымасьць адказаць на пагрозы ў выпадку іх узьнікненьня».
«Пільнасьць [УС Літвы знаходзіцца на тым узроўні], каб мы маглі рэагаваць на зьменлівую сытуацыю або патэнцыйную пагрозу для нас і быць у патрэбным месцы з патрэбнымі нам сродкамі», — зазначыў Рупшыс.
Камандуючы літоўскімі Ўзброенымі сіламі паведаміў, што збольшага ў адказ на сытуацыю зь бясьпекай у рэгіёне ссунуліся тэрміны падрыхтоўкі вайскоўцаў актыўнага рэзэрву. Паводле яго, частка трэнінгаў пачалася некалькі тыдняў таму, да іх прыцягнулі каля 750 рэзэрвістаў. Акрамя таго, для павышэньня кваліфікацыі ў лютым прызавуць звыш 1,2 тысячы чалавек з актыўнага рэзэрву войскаў.
Рупшыс не сумняваецца, што частка расейскіх войскаў застанецца ў Беларусі пасьля вучэньняў.
«Іншае пытаньне, якія часткі ці сілы застануцца. Мы заўсёды засяроджваем увагу на манэўраных падразьдзяленьнях, але для арганізацыі і задзейнічаньня войскаў, пэўна, перш павінны быць разгорнуты падразьдзяленьні падтрымкі. Таму, калі б засталіся тылавыя, інжынэрныя часткі і часткі супрацьпаветранай абароны, гэта б у корані зьмяніла сытуацыю ў Беларусі», — лічыць ён.
Разам з тым, паводле ваеначальніка, «цяпер непасрэдных пагроз бясьпецы Літвы з боку Беларусі няма».