Дарадца прэзыдэнта ЗША: Уварваньне Расеі ва Ўкраіну — толькі адзін з варыянтаў разьвіцьця канфлікту

Дарадца прэзідэнта ЗША Джэйкаб Салівэн

Джэйкаб Салівэн выказаўся пра магчымыя дзеяньні Расеі ў канфлікце вакол Украіны.

Масква можа выбраць кібэратакі, анэксію Данбасу, поўнамаштабнае ўварваньне або дыпляматыю, лічыць дарадца Джэйкаб Салівэн. Напад будзе мець уплыў на лёс «Паўночнага патоку – 2», адзначылі ў Белым доме.

Непасрэднае ўварваньне Расеі ў суседнюю краіну — гэта толькі адзін з варыянтаў разьвіцьця канфлікту вакол Украіны. Такую пазыцыю дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джэйкаб Салівэн выказаў у этэры тэлеканалаў ABC, NBC і Fox News у нядзелю, 6 лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом перастаў гаварыць пра расейскае ўварваньне ва Ўкраіну як «навіслую пагрозу ўварваньня»

Паводле Салівэна, Масква можа зьвярнуцца да кібэратак, анэксіі Данбасу або пайсьці на поўнамаштабнае ўварваньне. Атака можа адбыцца як у найбліжэйшыя дні, так і ў наступныя тыдні, лічыць прадстаўнік Белага дому.

Такое разьвіцьцё падзеяў пагражае Ўкраіне стратай вялікай колькасьці чалавечых жыцьцяў, зазначыў дарадца Джо Байдэна. Але Вашынгтон лічыць, што эскаляцыя канфлікту дорага абыдзецца Расеі ў стратэгічным пляне і ў тым ліку не дазволіць запусьціць газаправод «Паўночны паток – 2», адзначыў ён. Масква можа выбраць і шлях дыпляматыі, дадаў Салівэн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Расія сьцягнула да мяжы каля 70 працэнтаў «арміі ўварваньня»

Напярэдадні шэраг амэрыканскіх і сусьветных СМІ са спасылкай на дадзеныя арміі і спэцслужбаў ЗША паведамілі, што Расея засяродзіла ў раёнах каля ўкраінскай мяжы 70 працэнтаў вайскоўцаў і сродкаў, неабходных для буйнамаштабнага нападу. Да сярэдзіны лютага колькасьць расейскіх салдатаў каля Ўкраіны можа дасягнуць 150 тысяч, лічаць у ЗША. Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін па-ранейшаму пакідае за сабой усе сцэнары, упэўненыя прадстаўнікі спэцслужбаў Злучаных Штатаў.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.