Ва Ўкраіне ня бачаць вайсковых пагрозаў зь Беларусі, падставы для панікі адсутнічаюць — міністар абароны

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў, архіўнае фота

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што выведка пакуль не назірае на мяжы зь Беларусьсю фармаваньня ўдарнага кантынгенту, які б мог распачаць наступ на ўкраінскую тэрыторыю.

«З пункту гледжаньня вайсковага падыходу толькі наяўнасьць ударнага фармаваньня дае магчымасьць правесьці ўварваньне. Такой групоўкі пакуль што не сфармавана», — заявіў Аляксей Рэзьнікаў 4 лютага ў Прыпяці, дзе структурныя падразьдзяленьні Міністэрства ўнутраных спраў пачалі адпрацоўваць навыкі абароны населеных пунктаў.

Міністар абароны Ўкраіны зьвярнуў увагу на тое, што між беларусамі і ўкраінцамі няма варожых дачыненьняў. «Беларусы ня хочуць ваяваць з украінцамі, украінцы ня хочуць ваяваць зь беларусамі, і не плянуюць. А наяўнасьць расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі для правядзеньня вучэньняў азначае, што там некалькі тысяч. Гэтага недастаткова, каб самастойна ажыцьцявіць уварваньне», — падкрэсьліў Аляксей Рэзьнікаў.

«І прыродны момант. Тут (у чарнобыльскай зоне) знаходзіцца вельмі складанае месца для перасячэньня мяжы — балоты, лясы, рэчка. Іх будзе складана прайсьці ня тое што на танках, а нават пешшу амаль немагчыма», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Экспэрты лічаць Беларусь гібрыдным саюзьнікам Расеі ў яе супрацьстаяньні з Украінай

У той жа час Аляксей Рэзьнікаў падкрэсьліў, што выведка штодзённа адсочвае правядзеньне вучэньняў на тэрыторыі Беларусі, узгадняе свае зьвесткі зь міжнароднымі партнэрамі Ўкраіны. «І нашыя ацэнкі супадаюць. Таму мы пакуль што кажам пра тое, што канцэнтрацыя расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі такая, якая не дазваляе пачаць наступальную апэрацыю», — адзначыў міністар абароны Ўкраіны.

Міністэрства ўнутраных спраў Украіны 4 лютага пачынае вучэньні сваіх структурных падразьдзяленьняў (Нацыянальная паліцыя, Нацыянальная гвардыя і Дзяржаўная служба ў пытаньнях надзвычайных сытуацый) у чарнобыльскай зоне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне свае вучэньні: у чарнобыльскай зоне адпрацоўваюць абарону гарадоў ад магчымай агрэсіі

Як паведаміла Дзяржаўнае агенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня, у часе вучэньняў будуць адпрацоўваць навыкі па абароне населеных пунктаў, тактыку вядзеньня баявых дзеяньняў на ўрбанізаванай мясцовасьці, а таксама выкананьня заданьняў па ліквідацыі наступстваў баявых дзеяньняў.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.