Spiegel напісаў пра высылку дыплямата РФ, падазраванага ў Нямеччыне ў шпіянажы

Стала вядома, што Нямеччына летась выслала з краіны падазраванага ў шпіянажы, які працаваў пад дыпляматычным прыкрыцьцём у расейскім кансуляце ў Мюнхэне.

Часопіс Der Spiegel называе акрэдытаванага пры дыпляматычнай установе супрацоўніка афіцэрам расейскай Службы зьнешняй выведкі. Сьцьвярджаецца, што ён дзейнічаў у якасьці агента расейскага навукоўца, пра чый арышт па абвінавачаньні ў шпіянажы стала вядома раней.

Па інфармацыі Der Spiegel, высылка адбылася неўзабаве пасьля затрыманьня летам 2021 году Ільнура Н., дасьледчыка ўнівэрсытэту Аўгсбургу, якому ставяць у віну перадачу расейскай выведцы зьвестак пра сямейства касьмічных ракет-носьбітаў «Арыян» Эўрапейскага касьмічнага агенцтва.

Спадар Н., чыё поўнае прозьвішча не называецца згодна з практыкай вядзеньня судовых спраў у Нямеччыне, з таго часу застаецца пад вартай. Абвінавачаньні ў шпіянажы яму прад’явілі ў сьнежні.

Паводле публікацыі Der Spiegel, у адносінах да дэпартаванага супрацоўніка кансуляту Расеі ў Мюнхэне не было магчымасьці правесьці расьсьледаваньне, бо ён мае дыпляматычную недатыкальнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bellingcat: вызначылі асобу саўдзельніка забойства Хангашвілі ў Бэрліне

У сьнежні Нямеччына выслала двух расейскіх дыпляматаў, пасьля таго як мясцовы суд прыйшоў да высновы аб адказнасьці расейскай дзяржавы за забойства ў бэрлінскім парку ў 2019 годзе былога чачэнскага палявога камандзіра, грамадзяніна Грузіі Зэлімхана Хангашвілі, якога ўлады Расеі лічаць датычным да тэрарыстычнай дзейнасьці. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў, камэнтуючы вэрдыкт, заявіў, што ў Крамлі катэгарычна ня згодныя з высновамі нямецкага суду.

Пра рэакцыю Масквы на апошнюю публікацыю Der Spiegel пакуль не паведамлялася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данія абвінаваціла Расею, Кітай і Іран у шпіянажы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладальніку крамлёўскай сыстэмы маніторынгу блогаў пагражае 20 гадоў турмы ў ЗША