Генпракуратура: у справах за пратэсты асудзілі больш за 1,6 тысячы чалавек. За сьмерці і катаваньні пратэстоўцаў спраў няма

Андрэй Швед

У Беларусі разгледзелі больш як 1,2 тысячы крымінальных спраў, заведзеных пасьля падзей жніўня 2020 году. У іх асудзілі звыш 1,6 тысячы чалавек.

Такія лічбы сёньня назваў генэральны пракурор Андрэй Швед, перадае БелТА.

«Летась завершана расьсьледаваньне, накіравана ў суд асноўная маса крымінальных спраў аб злачынствах, учыненых у 2020 годзе асобамі, якія спрабавалі зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот. Увогуле судамі разгледжана больш за 1,2 тысячы крымінальных спраў, у якіх асуджана больш за 1,6 тысячы чалавек», — сказаў Андрэй Швед.

Ён заявіў, што сытуацыя на беларускіх вуліцах цяпер спакойная, а сілавікі гатовы да спыненьня «любых фактаў экстрэмізму і тэрарызму» на фоне грамадзка-палітычных падзей, якія маюць адбыцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год без Рамана Бандарэнкі. Дакумэнтальны фільм Свабоды

Тым часам за сьмерці пры разгонах пратэстаў і за катаваньні іхных удзельнікаў сілавікамі ніводнай справы не завялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы пра год пасьля выбараў: дзясяткі тысяч затрыманых, тысячы заяваў аб катаваньнях, сотні параненых

Органы пракуратуры і Сьледчага камітэту не задаволілі ніводнага пазову ці скаргі на дзеяньні сілавікоў, ад якіх падчас беспадстаўна жорсткіх разгонаў пратэставых акцый у 2020 і 2021 годзе пацярпелі тысячы беларусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 2021 год у палітычных справах асудзілі 1285 чалавек, агулам на 1992 гады турмы і 673 гады «хіміі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён біў мяне, калі я ляжаў на падлозе». Беларускі лекар з Нарыльску расказаў пра сваё затрыманьне ў Барысаве