Сусьветны банк паведаміў, каму і колькі была вінная Беларусь у 2020 годзе

Пра справаздачу Сусьветнага банку распавёў партал Zerkalo.io.

Паводле Банку, галоўным крэдыторам Беларусі ў 2020 годзе заставалася Расея, усяго зьнешні дзярждоўг краіны па выніках году склаў 18,57 млрд даляраў. Дадзеныя за 2021 год арганізацыя пакуль не апублікавала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны доўг Беларусі прыкметна вырас за лістапад. Мінфін перастаў публікаваць дэталёвую інфармацыю аб пазыках

Дзярждоўг Беларусі за 2020 год павялічыўся на 8,4% — з 17,13 да 18,57 млрд даляраў. Больш за ўсё краіна была вінная Расеі — 8,32 млрд даляраў. На другім месцы апынуліся трымальнікі аблігацыяў, доўг перад якімі склаў 3,52 млрд даляраў (на 62,9% больш, чым па выніках 2019 году). Гэта зьвязана з разьмяшчэньнем у чэрвені 2020 году эўрабондаў на 1, 25 млрд даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе з курсам валют у новым годзе: сцэнары ад лепшага да горшага 

Кітай стаў трэцім паводле велічыні крэдыторам. Яму Беларусь па выніках году вінаватая была 3,25 млрд долараў. Гэта на 6,63% менш, чым годам раней.

Паводле статыстыкі Сусьветнага банку за 10 гадоў дзярждоўг краіны павялічыўся ў 2,8 разы — з 6,56 млрд даляраў у 2010 годзе да 18,57 млрд даляраў у 2020-м.