Вярхоўны суд канчаткова зьліквідаваў грамадзкае аб’яднаньне «Зьвяно»

Старшыня рады грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» Тацяна Гацура

Старшыня рады грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» Тацяна Гацура-Яворская раней правяла за кратамі больш за 10 дзён і выйшла зь СІЗА на Валадарскага як падазраваная ў крымінальнай справе.

Пра рашэньне Вярхоўнага суду паведаміла ў фэйсбуку заснавальніца і дырэктарка «Зьвяна» Тацяна Гацура-Яворская.

Каманда арганізацыі «Зьвяно» абскарджвала ў Вярхоўным судзе рашэньне аб ліквідацыі арганізацыі і падчас разгляду скаргі працягвала працаваць. Аднак дзейнасьць грамадзкага аб’яднаньня ўсё ж скончылася 17 студзеня.

«Вярхоўны суд прыйшоў да высновы, што мы займаліся дыскрэдытуючай і экстрэмісцкай дзейнасьцю, і пакінуў скаргу без задавальненьня. „Зьвяно“ ліквідавалі», — напісала Тацяна Гацура-Яворская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаньне «Зьвяно» прайграла Мін’юсту судовы працэс, зьвязаны з магчымай ліквідацыяй установы

Чаму і як перасьледуюць «Зьвяно»


У 2020 годзе «Зьвяно» правяло маніторынг працы сыстэмы аховы здароўя ва ўмовах пандэміі каранавірусу. Ня ўсе высновы, якія вынікалі з дасьледаваньня праваабаронцаў, спадабаліся чыноўнікам. Але асабліва гучным быў лёс фотавыставы, прысьвечанай беларускім мэдыкам, якія змагаліся з COVID-19.

Выстава пад назвай «Машына дыхае, а я — не» адкрылася 30 сакавіка ў Менску ў прасторы «Месца», але ўжо праз 2 дні яе закрылі нібыта з прычыны санітарных парушэньняў. Арганізатары выставы мяркуюць, што чыноўнікам не спадабаліся паказаныя на выставе фотадакумэнты пра тое, з чым мэдыкі сутыкнуліся ў жніўні мінулага году, — гвалтам сілавікоў супраць пратэстоўцаў.

Пяцёх арганізатараў выставы, у тым ліку Тацяну Гацуру-Яворскую, затрымалі. Тацяна правяла за кратамі больш за 10 дзён і выйшла зь СІЗА на Валадарскага як падазраваная ў крымінальнай справе. У гэтым статусе яна застаецца і цяпер.
Паводле Тацяны Гацуры-Яворскай, крымінальная справа, у якой яна фігуруе, не закрытая, прычым ёй невядома, ці вядуцца ў гэтай справе сьледчыя дзеяньні. Жанчыне забаронены выезд за мяжу, і гэтага абмежаваньня зь яе не здымаюць нават у выпадку, калі ёсьць законныя падставы. Мужа кіраўніцы арганізацыі вымусілі пакінуць Беларусь.

У жніўні «Зьвяну» споўнілася 8 гадоў. За гэты час арганізацыя рэалізавала дзясяткі сацыяльных, асьветніцкіх і праваабарончых праектаў.

У чэрвені 2021 году Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла папярэджаньне арганізацыі «Зьвяно». Сярод выказаных 4 прэтэнзій было тое, што паводле статуту грамадзкая арганізацыя нібыта ня мела права на маніторынг сыстэмы аховы здароўя, у прыватнасьці працы дзеля барацьбы з COVID-19. У выніку перамоваў адну з прэтэнзій зьнялі, але гэтая засталася і фігуравала на разглядзе скаргі «Зьвяна» Вярхоўным судом.

14 верасьня Вярхоўны суд Беларусі адхіліў апэляцыйную скаргу «Зьвяна» на пастанову Менскага гарадзкога суду, які пагадзіўся з папярэджаньнямі, вынесенымі «Зьвяну» Міністэрствам юстыцыі.

Ужо ў кастрычніку менскі гарадзкі суд правёў пасяджэньне аб ліквідацыі «Зьвяна» на пазоў Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму. Тады рэгістрацыю арганізацыі скасавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі гарадзкі суд скасаваў рэгістрацыю арганізацыі «Зьвяно», якая маніторыла сыстэму аховы здароўя ва ўмовах пандэміі

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)