На беларуса завялі крымінальную справу за ўдзел у пікеце ў Варшаве

Яўген Жураўскі

У кватэры маці Яўгена Жураўскага правялі ператрус, хаця ён там нават не зарэгістраваны.

Яўген Жураўскі дыстанцыйна стаў фігурантам крымінальнай справы ў Беларусі за ўдзел у акцыі салідарнасьці на тэрыторыі Польшчы. Летась у канцы верасьня ён выйшаў на пікет каля беларускай амбасады ў Варшаве. Акцыя была прысьвечаная памяці Андрэя Зельцара, забітага супрацоўнікамі КДБ Беларусі. Супраць Яўгена ў Сьледчым камітэце завялі крымінальную справу на падставе відэа з інтэрнэту. А праз два месяцы ў маці Жураўскага прайшоў ператрус, піша «Белсат».

У кастрычніку 2020 году ў Баранавічах нехта кінуў кактэйль Молатава ў вакно пракуратуры і падпаліў машыны сілавікоў. У рамках гэтых спраў прайшоў ператрус у Яўгена і ягоных сяброў. Пасьля гэтых падзеяў Яўген вырашыў выехаць з краіны.

Выяжджаў у Польшчу ён звычайным рэйсавым аўтобусам, а на мяжы ўбачыў, як да ягонага аўтобуса ідуць людзі ў форме.

«Я зразумеў, што яны ідуць кагосьці забіраць. Яны заходзяць, падыходзяць да мяне... і забіраюць двух хлопцаў ззаду мяне. Здаецца, у іх былі праблемы з ваенкаматам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Натуральнасьць і ўнікальнасьць». Маці палітзьняволенай Канавалавай у Польшчы вяжа рэчы пад уласным брэндам Babula

Пасьля забойства Зэльцара ў чаце дыяспары Варшавы Жураўскі прапанаваў выйсьці да амбасады Беларусі, што падтрымалі каля 20 чалавек. Справу завялі за невялікі выступ.

«Я там сказаў, што два чалавекі загінулі, і гэта дрэнна. А іх, мабыць, напалохала тое, што я сказаў: «Зельцар — свабодны беларус са зброяй».

Пра крымінальную справу Жураўскі даведаўся з заявы СК. Гаворка ішла аб распальваньні сацыяльнай варожасьці паводле часткі 3 130-га артыкулу. Праз два месяцы ў рамках справы, якую завялі па 4 артыкулах КК, прайшоў ператрус у маці Жураўскага. Сілавікі прыйшлі са шчытамі і выбілі дзьверы, уляцелі ў кватэру са зброяй. Мама Яўгена была ў гэты час на працы. Сам жа Яўген нават не зарэгістраваны па гэтым адрасе.

«Яны спрабуюць паказаць, што кватэры беларусаў — гэта сьметнікі. Я ведаю, як яны гэта робяць. У аднаго майго таварыша быў ператрус, яны дасталі пакет са сьмецьцем, раскідалі па пакоі і сфатаграфавалі. Як быццам ён так жыве. Малайцы, вельмі разумныя хлопцы! А ў мяне яны апублікавалі відэа, дзе заходзяць у чысьценькую кватэру, мая мама вельмі ахайная. Яны перавярнулі ўсе рэчы ў маміным пакоі, забралі ўсе сямейныя фатаграфіі. Яна спытала ў іх: „Трусы вам мае чым перашкодзілі“? Мама іх адчытвала. У нас нешта з упрыгажэньняў прапала. Але гэта не навіна, многія расказвалі, што пасьля ператрусаў прападалі золата і грошы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хочам даць ім магчымасьць быць пачутымі». У Варшаве паказваюць спэктакль пра беларускіх палітвязьняў

Жураўскі мяркуе, што сілавікі заводзяць крымінальныя справы праз помсту.

СК уключыў Яўгена ў групу «Рэвалюцыйнае дзеяньне» (у гэтую ж групу сьледчыя ўключылі вядомых анархістаў — Ігара Аліневіча і Мікалая Дзядка). Яўген кажа, што ня мае да іх дачыненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі прыйшлі зь ператрусамі да магілёўскіх журналістаў і ў рэдакцыю парталу 6TV. ВІДЭА