Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Натуральнасьць і ўнікальнасьць». Маці палітзьняволенай Канавалавай у Польшчы вяжа рэчы пад уласным брэндам Babula


Ганна Анатолеўна з сваімі вырабамі

Гісторыя сям’і Ганны Анатолеўны сёньня вядомая як у Беларусі, так і за яе межамі. Пасьля выбараў 2020 году года яе дачку Антаніну Канавалаву і зяця Сяргея Ярашэвіча затрымалі сілавікі. Пазьней сужэнцаў асудзілі на 5,5 года зьняволеньня па справе тэлеграм-канала «Армія з народам». Асьцерагаючыся працягу перасьледу, Ганна Анатолеўна разам з унукамі тэрмінова пакінула краіну.

Сёньня дзеці Антаніны і Сяргея разам з бабуляй жывуць у Варшаве, ходзяць у дзіцячы сад і школу. Муж Ганны Анатолеўны застаўся ў Беларусі, жанчына павінна сама забясьпечваць сябе і ўнукаў. Аднак хадзіць на паўнавартасную працу ў Ганны цяпер няма магчымасьці — большую частку свайго часу яна аддае выхаваньню дзяцей. Жанчына падкрэсьлівае, што з унукамі яна неразлучная.

Загружанасьць і няпростыя жыцьцёвыя абставіны не перашкодзілі ёй працягнуць любімую справу — вязаньне з казінага пуху. Гэтым умельствам яна займаецца больш як 20 гадоў.

Некаторыя рэчы з калекцыі Ганны сёньня прадаюцца ў Польшчы пад яе ўласным брэндам Babula, які зьявіўся нядаўна пры дапамозе мясцовых актывістаў.

«У Польшчы такія вырабы — нешта новае»

«Спачатку гэта было хобі, якое паступова перарасло ў сродак заробку, — расказвае пра свой занятак Ганна Анатолеўна. — У Беларусі я была зарэгістраваная рамесьніцай. Прычым займалася гэтым ня толькі я адна, да мяне далучыліся яшчэ 7 жанчын, нечаму навучылася я ў іх, нечаму яны ў мяне».

Паводле слоў Ганны Анатолеўны, у 2020 годзе зімой яе запрасілі ў Літву на штогадовую выставу-кірмаш вырабаў ручной работы «Казюкас». Пазьней прапанавалі паўдзельнічаць у падобных мерапрыемствах і ў іншых гарадах краін Балтыі. На нейкі час свае нераспрададзеныя вырабы Ганна Анатолеўна вырашыла пакінуць у камэры захоўваньня ў Вільні.

«Назад у Беларусь празь мяжу везьці рэчы не было сэнсу. Думала, што яны там [у камэры захоўваньня] праляжаць каля двух тыдняў да наступнай выставы-кірмаша, а ў выніку, у тым ліку з прычыны сытуацыі з пандэміяй, забрала іх толькі праз год ужо ў Польшчу».

Ганна Анатолеўна кажа, што з часам зразумела: на польскім рынку тавар, які яна вырабляе, даволі нетыповы. Гэта падштурхнула яе працягваць любімую справу і ў эміграцыі.

«У Польшчы такія вырабы — нешта новае. Па-першае, сам матэрыял вельмі добры, казіны пух — гэта натуральныя валокны, якія вельмі блізкія да чалавечага воласу. Нельга зрабіць дзьве аднолькавыя рэчы, бо яны вырабляюцца ўручную і заўсёды ва ўнікальным колеры. Немагчыма прадбачыць і будучую афарбоўку пуху. Бывае, хочаш чорны, а можа атрымаецца цёмна-шэры. А па-другое, праца якасная», — кажа суразмоўніца.

«Ня ведаю, як рэчы будуць прадавацца, але, ва ўсякім разе, людзям яны падабаюцца»

Ганна Анатолеўна кажа, што зь цягам часу зьявілася ідэя стварыць свой брэнд Babula, назву якому прыдумалі ўнукі жанчыны Наста і Ваня, а лягатыпам стаў іх малюнак.

Таксама пры ўдзеле людзей, неабыякавых да сытуацыі сямʼі Канавалавых, — актывістаў з Польшчы, Беларусі, Украіны, у прыватнасьці мастачкі Яны Шостак і іншых прадстаўнікоў творчых прафэсій, — была арганізавана прафэсійная фэшн-фатасэсія маркі Ганны Анатолеўны. У яе калекцыі сёньня хусткі, рукавіцы, пальчаткі, шкарпэткі, понча, накідкі, сукенкі.

Ганна Анатолеўна кажа, што ня можа ацаніць маштаб продажы рэчаў яе брэнду і вызначыць канкрэтную аўдыторыю, якая зацікаўлена яго набываць.

«Усё індывідуальна, — кажа жанчына. — Я ня ведаю, як гэтыя рэчы будуць прадавацца, але, ва ўсякім разе, яны падабаюцца людзям за іх натуральнасьць і ўнікальнасьць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG