Старшыня праўленьня дзяржаўнай кампаніі «Казтрансойл» Дзімаш Дасанаў і старшыня праўленьня «КазакГаз» Кайрат Шарыпбаеў пайшлі ў адстаўку, паведамляе казахстанская рэдакцыя «Радыё Свобода».
Дасанаў жанаты з Аліёй Назарбаевай, малодшай дачкой першага прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Шарыпбаева ў СМІ называюць цяперашнім мужам яшчэ адной дачкі экс-прэзыдэнта — Дарыгі. Раней СМІ паведамлялі, што Дасанаў і Шарыпбаеў увайшлі ў кіруючыя органы дзяржаўных энэргетычных кампаній якраз пасьля шлюбаў з дочкамі Назарбаева.
Іх паўнамоцтвы спынілі датэрмінова, але прычыны звальненьня пакуль не камэнтуюць афіцыйна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Такаеў пачынае кампанію супраць клану Назарбаева?Палітычныя экспэрты мяркуюць, што ва ўрадзе ідзе барацьба за ўладу паміж цяперашнім прэзыдэнтам Касым-Жамартам Такаевым і прыхільнікамі яго ўсё яшчэ ўплывовага папярэдніка Нурсултана Назарбаева. 5 студзеня Такаеў абвясьціў, што ён зьмяніў Назарбаева на пасадзе старшыні Рады бясьпекі. Шмат хто расцаніў гэты крок як прыкмету таго, што лёс 81-гадовага лідэра, вядомага як «елбасы», або «лідэр нацыі», можа зьмяніцца да горшага.
Такаеў працаваў ва ўладзе Казахстану разам з Назарбаевым зь першых дзён незалежнасьці. Але цяпер Назарбаеў не зьяўляўся на публіцы з 28 сьнежня, гэта справакавала чуткі, што яго няма сярод жывых ці ён схаваўся за мяжой. Ягоны прадстаўнік, зрэшты, сьцьвярджае, што Назарбаеў знаходзіцца ўвесь гэты час у сталіцы краіны Нур-Султане (Астане). Старэйшая дачка былога прэзыдэнта Дарыга прапусьціла ўжо два пасяджэньні парлямэнту, спаслаўшыся на каранавірус.
5 студзеня пратэстоўцы ў горадзе Талдыкарган скінулі з пастамэнту бронзавы прыжыцьцёвы помнік Назарбаеву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Годных людзей і бяз помнікаў запомняць». Што кажа пра сытуацыю на радзіме моладзь з КазахстануУ Казахстане ў апошнія дні праходзіць хваля затрыманьняў чыноўнікаў. Пад арыштам апынуўся віцэ-міністар энэргетыкі краіны Жумабай Карагаеў і некалькі высокапастаўленых сілавікоў.
Камітэт нацыянальнай бясьпекі (КНБ) Казахстану пачаў дасудовае расьсьледаваньне ў дачыненьні да былога старшыні КНБ Карыма Масімава. Яму інкрымінуецца гвалтоўны захоп улады.